Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я прышоў з вамі развітацца, княжна, — адказваў я: — як відаць, назаўсёды. Вы, магчыма, чулі — мы выязджаем.

Зінаіда пільна паглядзела на мяне.

— Так, я чула. Дзякуй, што прышлі. Я ўжо думала, што не ўбачу вас. Не памінайце мяне ліхам. Я іншы раз мучыла вас, але ўсё-такі, я не такая, якою вы мяне ўяўляеце.

Яна адвярнулася і прысланілася да акна.

— Дапраўды, я не такая. Я ведаю, вы аба мне дрэнна думаеце.

— Я?

— Так, вы… вы.

— Я? — паўтарыў я са смуткам у голасе, і сэрца маё задрыжэла як і раней пад уплывам неадчэпнай, невыказнай чароўнасці. — Я? Паверце, Зінаіда Аляксандраўна, што-б вы ні зрабілі, як-бы вы ні мучылі мяне — я буду кахаць і абажаць вас да канца дзён сваіх.

Яна хутка павярнулася да мяне і, раскрыўшы шырока рукі, абняла маю галаву, і моцна і горача пацалавала мяне. Бог ведае, каго шукаў гэты доўгі, развітальны пацалунак, але я так яскрава адчуў яго прыемнасць — я ведаў, што ён ужо ніколі не паўторыцца. — Бывайце, бывайце, — цвярдзіў я…

Яна вырвалася і пайшла. Пайшоў і я. Я не магу перадаць пачуццё, з якім я пайшоў. Я не жадаў-бы, каб яно калі-небудзь паўтарылася; але я лічыў-бы сябе нешчаслівым, калі-б я ніколі яго не зазнаў.

Мы пераехалі ў горад. Не хутка я пакончыў з мінулым, не хутка ўзяўся за работу. Рана мая марудна загойвалася, але ўласна супроць бацькі ў мяне не было ніякага дрэннага пачуцця. Наадварот, — ён як быццам яшчэ вырас у маіх вачах: — няхай псіхолагі растлумачаць гэту супярэчнасць, як ведаюць. Аднойчы я ішоў па бульвару і да невыказнай маёй радасці, сутыкнуўся з Лушыным. Я яго любіў за яго прамы і недвудушны нораў, пры тым ён быў мне дораг па ўспамінах, якія ён узбуджаў ва мне. Я кінуўся да яго.

— Ага! — сказаў ён і нахмурыў бровы. — Гэта вы, малады чалавек! Пакажыцеся. Вы ўсё яшчэ жоўты, а ўсё-такі ў вачах няма ранейшай погані. Чалавекам глядзіце, не пакаёвым сабачкам. Гэта добра. Ну, што-ж вы? працуеце?

Я ўздыхнуў. Хлусіць мне не хацелася — а праўды сказаць я саромеўся.

— Ну нічога, — прадаўжаў Лушын: — не палохайцеся. Галоўная справа: жыць нармальна і не паддавацца захаплен-