Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кала больш; яна супакоілася, і есці папрасіла — аднак не паказалася і рашэння свайго не перамяніла. Памятаецца, я праблукаў цэлы дзень, але ў сад не заходзіў, і ні разу не зірнуў на флігель — а вечарам я быў сведкай здзіўляючага здарэння: бацька мой вывеў Графа Малеўскага пад руку праз залу ў пярэднюю і, у прысутнасці лакея, холадна сказаў яму: «Некалькі дзён таму назад вашай светласці ў адным доме паказалі на дзверы; а цяпер я не буду ўваходзіць з вамі ў размовы, але маю гонар вам далажыць, што калі вы яшчэ раз зойдзеце да мяне, то я вас выкіну праз акно. Мне ваш почырк не падабаецца». Граф нахіліўся, сціснуў зубы, скурчыўся і знік.

Пачаліся зборы да перасялення ў горад, на Арбат, дзе ў нас быў дом. Бацьку, напэўна, самому ўжо не хацелася больш заставацца на дачы; але, відаць, ён паспеў ўпрасіць матулю не пачынаць гісторыі; усё рабілася ціха, не спяшаючыся, матуля загадала нават пакланіцца княгіні і выказаць ёй шкадаванне, што, з прычыны дрэннага здароўя, не ўбачыцца з ёю да ад’езду. Я блукаў, як ашалелы — і аднаго толькі жадаў, каб хутчэй усё гэта скончылася. Адна думка не выходзіла ў мяне з галавы: як магла яна, маладая дзяўчына — ну і ўсё-такі княжна, адважыцца на такі ўчынак, ведаючы, што мой бацька чалавек несвабодны і маючы магчымасць выйсці замуж, хоць, напрыклад, за Белаўзорава! На што-ж яна спадзявалася? Як не пабаялася загубіць усю сваю будучыню? Так, думаў я, вось гэта — каханне, гэта — страсць, гэта — адданасць; і ўспаміналіся мне словы Лушына: афяроўваць сабою соладка — для іншых. Неяк давялося мне ўбачыць у адным з акон флігеля бледную пляму… «няўжо гэта твар Зінаіды?» падумаў я… правільна, гэта быў яе твар. Я не выцерпеў. Я не мог расстацца з ёю, не сказаўшы ёй апошняга бывай. Я ўлучыў зручны момант — і пайшоў у флігель.

У гасцінай княгіня сустрэла мяне сваім звычайным, непрыемна-абыякавым прывітаннем.

— Што гэта, баценька, вашы так рана ўспалашыліся? — сказала яна, напіхаючы табак у абедзве ноздры. Я паглядзеў на яе, і ў мяне адлягло ад сэрца. Слова: вексель, сказанае Піліпам, мучыла мяне. Яна нічога не падазравала, прынамсі мне тады так здалося. Зінаіда з’явілася з суседняга пакоя, у чорнай сукенцы, бледная, з распушчанымі валасамі, яна моўчкі ўзяла мяне за руку і павяла з сабой.

— Я пачула ваш голас, — пачала яна, — і адразу вышла. І вам так лёгка было нас пакінуць, злы хлопчык?