Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

доўга-б не прадаўжалася… удар грому адразу ўсё спыніў і перакінуў мяне ў новую каляіну.

Вярнуўшыся аднойчы на абед з досыць працяглай прагулкі, я са здзіўленнем даведаўся, што буду абедаць адзін; што бацька паехаў, а матуля нездарова, не хоча есці і замкнулася ў сябе ў спальні. Па тварах лакеяў я здагадваўся, што здарылася штосьці незвычайнае… Распытваць іх я не асмеліўся, але ў мяне быў прыяцель, малады буфетчык, Піліп, вялікі ахвотнік да вершаў і артыст на гітары — я да яго і звярнуўся. Ад яго я даведаўся, што паміж бацькам і маткай адбылася страшная сцэна (а ў дзявоцкай усё было чуваць да адзінага слова: многае было сказана па-французску — ды пакаёўка Маша 5 год жыла ў краўчыхі з Парыжа і ўсё разумела); што мая маці дакарала бацьку ў нявернасці, у знаёмстве з суседняй паненкай, што бацька перш апраўдваўся, пасля ўспыхнуў і ў сваю чаргу сказаў нейкае жорсткае слова, «быццам-бы аб іхніх гадах», ад чаго матуля заплакала; што матуля таксама напомніла аб векселі, быццам-бы дадзеным старой княгіні, і вельмі аб ёй дрэнна адзывалася, і аб паненцы таксама, і што тут бацька ёй прыгразіў. — А здарылася ўся бяда, — прадаўжаў Піліп; — ад безыменнага пісьма; а хто яго напісаў — невядома; а то, як гэтым справам наповерх выйсці, прычыны ніякай няма.

— Ды хіба што-небудзь было, — ледзь прагаварыў я, між тым як рукі і ногі ў мяне халадзелі, і штосьці задрыжэла ў самай глыбіні грудзей.

Піліп знамянальна міргнуў. — Было. Гэтых спраў не ўтоіш, ужо нашто татка ваш у гэтым разе асцярожны — ды трэба-ж, прыкладна, карэту наняць ці што там… без людзей не абыйдзешся, таксама.

Я адаслаў Піліпа — і паваліўся на пасцель. Я не заплакаў, не ўпаў у роспач; я не пытаўся ў сябе, калі і як усё гэта здарылася: не здзіўляўся, як я раней, як я даўно не здагадаўся — я нават не злаваў на бацьку… Тое, аб чым я даведаўся, было мне не пад сілу: гэта раптоўнае адкравенне раздавіла мяне… Усё было скончана. Усе кветкі мае былі вырваны адразу і ляжалі вакол мяне, раскіданыя і патаптаныя.

ХХ

Матуля ў наступны дзень абвясціла, што пераязджае ў горад. Раніцой бацька ўвайшоў да яе ў спальню і доўга сядзеў з ёю. Ніхто не чуў, што ён сказаў ёй, але матуля ўжо не пла-