Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

запыталася ў яго, чаго ён такі сумны? Слёзы мае хлынулі з такой сілай што яна спалохалася. — Што з вамі? што з вамі, Валодзя? — цвярдзіла яна, і бачачы, што я нічога не адказваю ёй і не перастаю плакаць, хацела было пацалаваць маю мокрую шчаку. Але я адвярнуўся ад яе і прашаптаў праз плач: — я усё ведаю; навошта-ж вы гулялі мною?.. Навошта вам патрэбна было маё каханне?

— Я вінавата перад вамі, Валодзя… — сказала Зінаіда. — Ах, я вельмі вінавата… — сказала яна і сціснула рукі. — Колькі ва мне благога, цёмнага, грэшнага… Але я цяпер не гуляю вамі, я вас кахаю — вы і не падазраваеце, чаму — і як… Аднак… што вы ведаеце?

Што мог я сказаць ёй? Яна стаяла перада мной і глядзела на мяне, а я належаў ёй увесь, з галавы да ног, як толькі яна на мяне глядзела… Праз чвэрць гадзіны пасля гэтага я ўжо бегаў з кадэтам і з Зінаідай навыперадкі; я не плакаў, я смяяўся, хоць з напухлых павек ад смеху капалі слёзы; у мяне на шыі, замест гальштучка, была завязана стужка Зінаіды, і я закрычаў ад радасці, калі мне ўдалося злавіць яе за талію. Яна рабіла са мною ўсё, што хацела.

XIX

Для мяне было-б вялікай цяжкасцю, калі-б мяне прымусілі расказаць падрабязна, што адбывалася са мною на працягу тыдня, пасля маёй няўдачнай экспедыцыі. Гэта быў дзіўны ліхаманкавы час, хаос нейкі, у якім самыя супроцьлеглыя пачуцці, думкі, падазрэнні, надзеі, радасці і пакуты кружыліся віхрам; я палохаўся зазірнуць у сябе, калі толькі шаснаццацігадовы хлопчык можа ў сябе зазірнуць, палохаўся ўдумвацца ў што-б там ні было — я проста спяшаўся пражыць дзень да вечара; затое ўночы я спаў… дзіцячае лёгкадумства не дапамагала. Я не хацеў ведаць, ці кахаюць мяне, і не хацеў прызнацца самому сабе, што мяне не кахаюць; з бацькам я стараўся не сустракацца — але з Зінаідай не сустракацца я не мог. Мяне пякло як агнём у часе яе прысутнасці… але навошта мне было ведаць, што гэта быў за агонь, на якім я гарэў і таяў — добра што мне было соладка таяць і гарэць. Я аддаваўся ўсім сваім уражанням, і сам з сабою хітраваў, адварачваўся ад успамінаў, і закрываў вочы перад тым, што прадчуваў наперад… Гэта тамленне, напэўна,