Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

было спакойна; нават сабака наш спаў, загарнуўшыся ў клубочак ля форткі. Я ўзабраўся на руіны аранжарэі — убачыў перад сабой далёкае поле, успомніў сустрэчу з Зінаідай і задумаўся.

Мяне скаланула… Мне здалося, што скрыпнулі дзверы, затым ціха трэснуў пераломаны сучок… Я за два прыжкі спусціўся з руін — і замёр на месцы. Шпаркія, лёгкія, але асцярожныя крокі яўна чуліся ў садзе… Яны набліжаліся да мяне. «Вось ён… вось ён нарэшце!» праімчалася ў мяне на сэрцы. Я сударгава выхапіў нож з кішэні, сударгава раскрыў яго — нейкія чырвоныя іскры закруціліся ў маіх вачах ад страху і злосці на галаве заварушыліся валасы… Крокі накіроўваліся проста на мяне — я згінаўся, я цягнуўся ім насустрач… Паказаўся чалавек… божа мой! гэта быў мой бацька!

Я адразу-ж пазнаў яго — хоць ён увесь захутаўся ў цёмны плашч, і капялюш насунуў на твар. На цыпках прайшоў ён міма. Ён не заўважыў мяне, хоць мяне нішто не скрывала, але я так скурчыўся і стуліўся што, здаецца, зраўняўся з самой зямлёй. Рэўнівы, гатовы на забойства Отэла раптам ператварыўся ў школьніка… Я да таго спалохаўся нечаканага паяўлення бацькі, што нават, на першых парах, не заўважыў, адкуль ён ішоў і куды знік. Я толькі тады выраўняўся і падумаў: «чаго гэта бацька ходзіць уначы па садзе», — калі зноў усё сціхла навокал. Са страху я ўпусціў нож у траву — але нават шукаць яго не стаў: мне было вельмі сорамна. Я ўміг ацверазеў. Вяртаючыся дадому, я, аднак, падышоў да сваёй лавачкі пад кустом бузіны і зірнуў на акно зінаідзінай спальні. Невялікія, крыху выгнутыя шыбы акна цьмяна сінелі пры слабым святле, якое падала з начнога неба.

Раптам — колер іх стаў змяняцца… За імі — я гэта бачыў, выразна бачыў — асцярожна і ціха спускалася белаватая фіранка, спусцілася да падаконня — і так і засталася нерухомай.

— Што-ж гэта такое? — сказаў я ўголас, амаль мімаволі, калі зноў апынуўся ў сваім пакоі. — Сон, выпадковасць, або… Меркаванні, якія нечакана ўвайшлі мне ў галаву, такія былі новыя і дзіўныя, што я не асмеліўся нават аддацца ім.

XVIII

Я ўстаў раніцой з галаўным болем. Учарайшае хваляванне знікла. Яно замянілася цяжкім неразуменнем і нейкім, яшчэ небывалым, смуткам — нібы ва мне штосьці памірала.