Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рашучасцю сунуў яго ў кішэню, як быццам мяне такія справы не здзіўлялі і я іх рабіў не ўпершыню. Сэрца маё злосна прыўзнялося і акамянела; да самай ночы былі нахмураны мае бровы і сціснуты губы; я ўвесь час хадзіў узад і ўперад, сціскаючы рукою ў кішэні разагрэты нож і загадзя падрыхтоўваючыся да чагосьці страшнага. Гэтыя новыя небывалыя адчуванні да таго займалі і нават весялілі мяне, што ўласна аб Зінаідзе я мала думаў. Мне ўсё мярэшчылася — Алека, малады цыган «куды, малады прыгажун? — Ляжы»… а пасля: «ты ўвесь апырсканы крывёй!.. О, што ты зрабіў?.. Нічога!» З якой жорсткай усмешкай я паўтараў гэта. Нічога! бацькі не было дома; але матуля, якая з некаторага часу знаходзілася ў стане амаль заўсёды глухой злосці, звярнула ўвагу на мой фатальны выгляд і сказала мне ў часе вячэры: — чаго ты дзьмешся, як мыш на крупы? — Я толькі ласкава ўсміхнуўся ёй у адказ і падумаў: «калі-б яны ведалі!» Прабіла 11 гадзін; я пайшоў да сябе, але не распранаўся: я чакаў поўначы; нарэшце прабіла і яна. «Пара!» шапнуў я праз зубы і, зашпіліўшыся даверху, закасаўшы нават рукавы, пайшоў у сад.

Я ўжо загадзя выбраў сабе месца, дзе пільнаваць; на канцы сада, там, дзе плот, што раздзяляў нашы і Засекінскія ўладанні, упіраўся ў агульную сцяну, расла адзінокая елка; стоячы пад яе нізкімі густымі галінамі, я мог добра бачыць, наколькі давала магчымасць начная цемень, што адбывалася навокал; тут-жа вілася сцежка, якая мне заўсёды здавалася таямнічай: яна змяёй прапаўзала пад плотам, на якім у гэтым месцы былі відаць сляды пералазіўшых ног, і вяла да круглай альтанкі з густых акацый. Я дабраўся да елкі, прыхіліўся да яе ствала і пачаў пільнаваць.

Ноч стаяла такая-ж ціхая, як і напярэдадні; але на небе было менш хмар — і абрысы кустоў, нават высокіх кветак, былі відаць ясней. Першыя моманты чакання былі нудныя, амаль страшныя. Я на ўсё адважыўся! я толькі думаў: як мне быць? Ці закрычаць «Куды ідзеш? Стой! прызнайся — або смерць!» — або проста паразіць… Кожны гук, кожны шорах і шэлест здаваўся мне вялікім, незвычайным… Я рыхтаваўся… Я нахіліўся ўперад… Але прайшло поўгадзіны, прайшла гадзіна: кроў мая заціхала, халадзела; думка аб тым, што я дарэмна ўсё гэта раблю, што я нават крыху смешны, што Малеўскі падсмяяўся нада мной — пачала красціся мне ў душу. Я пакінуў сваю засаду і абышоў увесь сад. Як наўмысна, нідзе не было чуваць ніякага шуму; усё