Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і відэльцы, пануры Ваніфаці, абарваныя пакаёўкі, манеры самой княгіні  — усё гэта недарэчнае жыццё ўжо не здзіўляла мяне больш… Але да таго, што мне смутна здавалася цяпер у Зінаідзе, — я прывыкнуць не мог…Авантур’ерка — сказала пра яе аднойчы мая маці. Авантур’ерка — яна, мой ідал, маё бажаство! Гэта назва пякла мяне — я стараўся адыйсці ад яе ў падушку, я злаваў… і ў той-жа час, на што-б я не згадзіўся, чаго-б я не даў, каб толькі быць тым шчасліўцам ля фантана! —

Кроў у мне загарэлася і расхадзілася. — «Сад… фантан» — падумаў я. «Пайду-ж я ў сад». Я хуценька апрануўся і выслізнуў з дому. Ноч была цёмная; дрэвы ледзь шапталі; з неба падаў ціхі халадок, ад агароду пахла ўкропам. Я абышоў усе алеі; лёгкі гук маіх крокаў мяне і бянтэжыў і падбадзёрваў; я спыняўся, чакаў і слухаў, як стукала маё сэрца — моцна і хутка. Нарэшце я падышоў да плоту і абапёрся на тонкую жэрдку. Раптам — ці гэта мне здалося? — за некалькі крокаў ад мяне прамільгнула жаночая постаць… Я ўзмоцнена пачаў прыглядацца ў цемень — я затаіў дыханне. Што гэта? — ці крокі мне чуюцца — ці гэта зноў стукае маё сэрца? — Хто тут? — пралепятаў я ледзь чутна. Што гэта зноў? ці прыглушаны смех… ці шорах у лісці — ці ўздых над самым вухам? Мне стала страшна… — Хто тут? — паўтарыў я яшчэ цішэй.

Паветра зварухнулася на момант; па небе бліснула вогненная палоска: зорка пакацілася. — Зінаіда? — хацеў запытацца я, але гук замёр у мяне на губах. І раптам усё стала глыбока маўкліва навокал, як гэта часта бывае сярод ночы… Нават конікі перасталі трашчаць у дрэвах — толькі акно… недзе дзынкнула. Я пастаяў, пастаяў і вярнуўся ў свой пакой, да сваёй астыўшай пасцелі. Я адчуваў дзіўнае хваляванне: нібы я хадзіў на спатканне — і застаўся адзінокім і прайшоў міма чужога шчасця.

XVII

У наступны дзень я бачыў Зінаіду толькі мімаходзь: яна ездзіла кудысьці з княгіняй на каламажцы рамізніка. Затое бачыў я Лушына, які, між іншым, нехаця са мною прывітаўся, і Малеўскага. Малады граф засмяяўся і па-сяброўску загаварыў са мною. З усіх наведвальнікаў флігелька ён адзін умеў уцерціся да нас у дом і палюбіўся матулі. Бацька яго не дарыў ласкай і абыходзіўся з ім да абразлівасці ветліва.