Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у прыказчыка Дуняша канчаткова пакарыла ўлюбчывае сэрца Акіма, хоць ужо рашуча не адказвала ніводнага слова на ўсе яго падлізлівыя гаворкі і толькі зрэдку збоку паглядала на яго, нібы здзіўляючыся, чаго гэты мужык тут. Усё гэта толькі больш распальвала Акіма. Ён пайшоў да сябе дадому, думаў, думаў і рашыў дабіцца яе рукі… Так вось яна яго да сябе і «прысушыла!» Але як апісаць гнеў і абурэнне Дуняшы, калі, дзён праз пяць, Кірылаўна, ласкава зазваўшы яе да сябе ў пакой, абвясціла ёй, што Акім (а, відаць, ён ўмеў, як за справу ўзяцца), што гэты барадач і мужык Акім, з якім і сядзець побач яна лічыла крыўдай, да яе сватаецца.

Дуняша перш успыхнула ўся, затым вымушана зарагатала, пасля заплакала, але Кірылаўна так умела павяла атаку, так ясна дала ёй адчуць уласнае яе становішча ў доме, так лоўка намякнула на прыстойны выгляд, багацце і сляпую адданасць Акіма, нарэшце, так значна ўпамянула аб жаданні самой пані, што Дуняша вышла з пакоя ўжо з раздум’ем на твары, і, сустрэўшыся з Акімам, толькі ўважліва паглядзела яму ў вочы, але не адвярнулася. Надзвычай шчодрыя падарункі гэтага закаханага чалавека рассеялі яе апошнія здзіўленні… Лізавета Прохараўна, якой Акім, на радасці, паднёс сотню персікаў на вялікай срэбнай талерцы, згадзілася на яго шлюб з Дуняшай, і гэты шлюб адбыўся. Акім не паскупіўся на выдаткі — і нявеста, якая напярэдадні сядзела на дзявічніку як забітая, а ў самую раніцу вяселля ўсё плакала, пакуль яе Кірылаўна прыбірала пад вянец, хутка ўцешылася… Ёй пані дала надзець у царкву свой шаль — а Акім у той-жа дзень падарыў ёй такі самы, а магчыма і лепшы.

Такім чынам, Акім ажаніўся, перавёз сваю маладую да сябе ў двор… Пачалі яны жыць. Дуняша аказалася дрэннай гаспадыняй, дрэннай падмогай мужу. Яна нічым не цікавілася, сумавала, нудзілася, хіба які-небудзь праезджы афіцэр звяртаў на яе ўвагу і любезнічаў з ёй, седзячы за шырокім самаварам; часта адлучалася то ў горад за пакупкамі, то ў панскі дом, да якога ад пастаялага двара лічылася вярсты чатыры. У панскім доме яна адпачывала: там яе акружалі свае; дзяўчаты зайздросцілі яе ўбранству; Кірылаўна частавала яе чаем; сама Лізавета Прохараўна з ёй размаўляла… Але і гэтыя наведванні не абыходзіліся без горкіх адчуванняў для Дуняшы… Ёй, напрыклад, як дворнічысе, ужо не прыходзілася насіць капялюшыка, і яна выму-