Старонка:Востраў скарбаў.pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

падак якой-небудзь бяды мы можам паехаць на ёй, калі сцямнее… Але чакай! — закрычаў ён раптам. — Што гэта там такое? — Якраз у тую хвіліну з карабля грымнуў пушачны стрэл. Гучнае рэха падхапіла яго і разнесла па ўсяму востраву, а між тым да захаду сонца аставалася яшчэ дзве гадзіны.

— Там ідзе бойка! — крыкнуў я. — За мною-жа! Ідзіце хутчэй.

Я кінуўся бегчы да карабельнай стаянкі, забыўшы свае нядаўнія страхі. Побач са мной лёгка і спрытна бег злошчасны палоннік.

— Лявей, лявей, — падказваў ён. — Лявей, мілейшы Джым! Бліжэй да дрэў! Вось у гэтым месцы ўпершыню падстрэліў я казу. Цяпер козы сюды не спускаюцца, яны бегаюць толькі там, наверсе, па горах таму, што баяцца Бенжаміна Гана…

Ён балбатаў на бягу несціхана, не чакаючы адказу, ды я і не мог адказваць.

Пасля пушачнага стрэлу доўгі час была цішыня, а потым раздаўся залп са стрэльбаў.

І потым зноў цішыня. І потым наперадзе над лесам, за чвэрць мілі ад нас, узняўся брытанскі сцяг.