Старонка:Востраў скарбаў.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

будзе вас чакаць“. Вось як ён сказаў ім, Флінт. А тры гады назад я плыў на другім караблі, і мы ўбачылі гэты востраў. „Хлопцы, — сказаў я, — тут Флінт закапаў скарб. Сыйдзем на бераг і пашукаем“. Капітан вельмі раззлаваўся… Але ўсе матросы былі са мной за адно, і мы прысталі да гэтага берага. Дванаццаць дзён мы шукалі скарб і нічога не знайшлі. З кожным днём таварышы лаялі мяне ўсё мацней і мацней. Нарэшце, яны рашылі вярнуцца на карабль. „А ты, Бенжамін Ган, аставайся! — сказалі яны. — Вось табе мушкет, рыдлёўка і лом, Бенжамін Ган… Аставайся тут і адшукай Флінтавы грошыкі“. Ад той пары, Джым, вось ужо тры гады жыву я тут і ні разу не бачыў далікатнай чалавечай ежы. Глянь на мяне: хіба падобны я да звычайнага матроса? Не, скажаш, не падобны? Так і не быў падобным ніколі.

Ён неяк дзіўна падміргнуў мне адным вокам і моцна ўшчыпнуў мяне за руку.

— Так і скажы свайму сквайру, Джым: ён ніколі не быў падобны да звычайнага матроса, — працягваў ён. — Скажы яму, што Бен тры гады сядзеў тут, на востраве, адзін-адзінёханькі, і ўдзень і ўночы, і ў добрае надвор'е і ў дажджлівае. Часам, магчыма, ён успамінаў сваю састарэлую маці, хоць яна даўно памерла (так і скажы яму). Але больш часу (ужо гэта ты абавязкова яму скажы), больш часу Ган займаўся іншымі справамі. І пры гэтых словах ушчыпні яго вось так.

І ён зноў ушчыпнуў мяне зусім па-прыяцельску.

— Ты яму, — сказаў ён, — вось яшчэ што скажы: Ган — дасканалы чалавек (так яму і скажы), Ган разумее розніцу паміж сапраўдным джэнтльменам і джэнтльменам удачы, таму што ён сам быў калісьці джэнтльменам удачы.

— З таго, што вы мне тут кажаце, я не зразумеў бадай што нічога, — сказаў я: — Аднак, гэта зараз і няважна, таму што я ўсёроўна не ведаю, як трапіць на карабль.

— А, — сказаў ён, — кепская твая справа. Ну, дык добра, у мяне ёсць лодка, якую я змайстраваў сабе сам, уласнымі сваімі рукамі. Яна схавана пад белай скалой. На вы-