Старонка:Востраў скарбаў.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧАСТКА ЧАЦВЕРТАЯ

ЧАСТАКОЛ

Раздзел XVI

ДАЛЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ РАСКАЗАНЫ ДОКТАРАМ.

ЯК БЫЎ ПАКІНУТЫ КАРАБЛЬ

Абедзве шлюпкі адплылі ад „Іспан'ёлы“ каля паловы другой, або, кажучы па-марскому, калі прабіла тры склянкі. Капітан, сквайр і я сядзелі ў каюце і раіліся аб тым, што рабіць. Калі-б дзьмуў хоць самы лёгкі вецер, мы напалі-б знянацку на шасцярых мяцежнікаў, што асталіся на караблі, зняліся-б з якара і вышлі ў мора. Але ветру не было.

Да таго-ж з'явіўся Гэнтэр і паведаміў, што Джым Гоўкінс праслізнуў у шлюпку і паехаў разам з піратамі на бераг.

Мы, вядома, ні хвіліны не думалі, што Джым Гоўкінс — здраднік, але вельмі за яго непакоіліся. Матросы, з якімі ён паехаў, былі так раздражнены, што, прызнацца, мы не спадзяваліся ўбачыць Джыма зноў. Мы спехам вышлі на палубу. Смала пузырамі выступіла ў шчылінах. Навокал у паветры стаяў такі смурод ад балотных выпарэнняў, што мне зрабілася моташна. У гэтай агіднай пратоцы пахла ліхарадкай і дызентэрыяй. Шасцёра нягоднікаў панура сядзелі на карабельным баку. На беразе каля ўтокі нейкай рачулкі стаялі дзве шлюпкі, і ў кожнай сядзеў матрос. Адзін з іх насвістваў „Лілібулеро“.

Чакаць рабілася нязносна, і мы вырашылі, што я з Гэнтэрам паеду на разведку ў чоўне.