Старонка:Востраў скарбаў.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з глыбокай увагай, і, калі я скончыў, пагладзіў мяне па галаве.

— Ты слаўны хлопец, Джым, — сказаў ён. — Але цяпер мы ўсе завязаны мёртвым узлом. Пакладайцеся на Бена Гана, і ён выратуе вас, вось убачыш. Скажы, як будзе адносіцца ваш сквайр да чалавека, які выручыць яго з бяды?

Я сказаў яму, што сквайр — самы шчодры чалавек ва ўсім свеце.

— Добра, добра, але, бачыш, — казаў далей Бен Ган, — я не рыхтуюся прасіць у яго лакейскую ліўрэю ці пасаду вартаўніка. Не, гэтым мяне не прывабіш! Я хачу ведаць, ці згодзіцца ён даць мне хоць-бы адну тысячу фунтаў з тых грошай, якія і так мае.

— Упэўнены, што дасць, — адказаў я. — Усе матросы павінны былі атрымаць ад яго сваю долю скарба.

— І завязе мяне дадому? — спытаў ён, гледзячы на мяне выпрабоўваючым поглядам.

— Вядома! — усклікнуў я. — Сквайр — сапраўды джэнтльмен. Акрамя таго, калі мы вызвалімся ад разбойнікаў, дапамога такога спрактыкаванага марахода, як вы, будзе вельмі патрэбна на караблі.

— Так, — сказаў ён, — здаецца вы і сапраўды адвязеце мяне?

І ўздыхнуў з палёгкай.

— А зараз паслухай, што я табе раскажу, — працягваў ён. — Я быў на караблі Флінта, калі ён закапаў скарб. З ім было яшчэ шэсць маракоў — здаравенныя, дужыя людзі. Яны прабылі на востраве каля тыдня, а мы сядзелі на старым „Маржы“. У адзін прыгожы дзень мы ўбачылі шлюпку, а ў шлюпцы сядзеў Флінт, яго галава была падвязана сіняй хустачкай. Узыходзіла сонца. Ён быў бледны, як смерць, і плыў да нас адзін, а астатнія шасцёра былі забіты… забіты і пахаваны, так. Як ён расправіўся з імі, аб гэтым ніхто з нас ніколі не даведаўся. У іх была бойка, разня, і ён усіх перамог — адзін шасцярых!.. Білі Бонс быў штурманам, а Доўгі Джон — кватэрмейстар. Яны спыталі ў яго, дзе скарб. „Ідзіце на бераг і пашукайце, — сказаў ён у адказ. — Але, клянуся громам, карабль не