Старонка:Востраў скарбаў.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Джым. А ўсё таму, што я з маладых гадоў хадзіў на могілкі гуляць у арлянку. Далібог, пачаў з арлянкі і пакаціўся. Маці казала, што я дрэнна скончу, і яе прадраканні спраўдзіліся. Мабыць, сталася лепш, што я трапіў на гэты востраў. Я шмат раздумліваў тут у адзіноце і раскаяўся. Цяпер ужо не спакусіш мяне выпіўкай. Канечна, ад выпіўкі я не буду адмаўляцца і зараз, але толькі крышачку, не больш напарстка, на шчасце… Я даў сабе слова паправіцца і цяпер ужо не заблытаюся, вось убачыш. А галоўнае, Джым, — ён азірнуўся і панізіў голас да шопату, — дык-жа я зрабіўся зараз багачом.

— Тут я канчаткова пераканаўся, што няшчасны звар'яцеў на адзіноце. Відаць, мая думка адлюстравалася ў мяне на твары, таму што ён палка паўтарыў:

— Багачом! Багачом! Слухай, Джым, я зраблю з цябе чалавека! Ах, Джым, ты будзеш благаслаўляць лёс, што першы знайшоў мяне!

Раптам яго твар пацямнеў, ён сціснуў маю руку і пагражаюча ўзняў палец.

— Скажы мне праўду, Джым: ці не Флінтавы гэта карабль?

Мне прышла ў галаву шчаслівая думка. Гэты чалавек можа зрабіцца нашым саюзнікам. І я зараз-жа адказаў яму:

— Не, не Флінтавы, Флінт памёр, але паколькі вы хочаце ведаць праўду, вось вам праўда: на караблі ёсць некалькі старых таварышоў Флінта, і для нас гэта вялікае няшчасце.

— Ці няма ў вас… аднаногага? — выкрыкнуў ён, задыхаючыся.

— Сільвера? — спытаў я.

— Сільвера! Сільвера! Так, яго называлі Сільверам.

— Ён у нас повар. І верхаводзіць усёй шайкай.

Ён усё яшчэ трымаў мяне за руку і пры гэтых словах ледзь не зламаў яе.

— Калі ты падасланы Доўгім Джонам, — сказаў ён, — я прапаў. Але ці ведаеш ты, дзе ты знаходзішся?

Я расказаў яму ўсё, і аб нашым падарожжы і аб пакутлівым становішчы, у якім мы апынуліся. Ён слухаў мяне