Старонка:Востраў скарбаў.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Страшыдла, зрабіўшы вялікі круг, абагнала мяне і апынулася наперадзе. Я быў вельмі стомлены. Але нават калі-б я не адчуваў стомленасці, я ўсёроўна не здолеў-бы ісці навыперадкі з такім спрытным ворагам. Дзівосная істота перабягала ад ствала да ствала з хуткасцю аленя. Яна рушылася на двух нагах, па-чалавечаму, хоць вельмі нізка прыгіналася да зямлі. Так, гэта быў чалавек, у мяне не было больш у гэтым сумнення.

Я ўспомніў усё, што чуў аб людаедах, хацеў ужо паклікаць на дапамогу. Аднак, думка аб тым, што перада мной знаходзіцца чалавек, хоць-бы і дзікі, крыху падбадзёрыла мяне. І страх мой перад Сільверам зараз-жа аджыў. Я спыніўся, раздумваючы, як-бы выслізнуцца ад ворага. Пасля ўспомніў, што ў мяне ёсць пісталет. Як толькі я ўбачыў, што я не безабаронны, да мяне вярнулася мужнасць і я рашуча накіраваўся насустрач астравіцяніну.

Ён зноў схаваўся, на гэты раз за дрэвам. Заўважыўшы, што я накіроўваюся да яго, ён вышаў з засады і ступіў крок мне насустрач. Потым у нерашучасці патупаў на месцы, адступіўся і раптам, што мяне вельмі здзівіла і збянтэжыла, упаў на калені і з маленнем выцягнуў да мяне рукі.

Я зноў спыніўся.

— Хто вы такія? — спытаў я.

— Бен Ган, — адказаў ён: голас у яго быў сіплы і дзікі, як скрып заіржаўленага замка. — Я няшчасны Бен Ган. Тры гады я не размаўляў ні з адным чалавекам.

Гэта быў такі-ж белы чалавек, як і я, і рысы яго твара былі нават прыемныя. Толькі скура так моцна загарэла ў яго на сонцы, што нават губы ў яго былі чорныя. Светлыя вочы са здзіўляючай рэзкасцю вызначаліся на цёмным твары. З усіх жабракоў, якіх я толькі бачыў у сваім жыцці, гэты быў больш за іншых абадраны. Яго вопратка складалася з лахманоў старога паруса і матроскай кашулі. Адзін шматок прымацоўваўся да другога або медзяным гузікам, або прутком, або прасмоленым пакуллем. Адзіная непадраная рэч ва ўсім яго касцюме была — скураны пояс з медзянай спражкай.