Старонка:Востраў скарбаў.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

крыллі. Гушчар астаўся ззаду, я пабег хутчэй, як не бегаў яшчэ ніколі. Я бег не разбіраючы дарогі, абы толькі далей уцячы ад забойцаў. З кожным крокам страх мой усё узмацняўся, і ператварыўся, нарэшце, у вар'яцкі жах.

Становішча маё было страшэннае. Хіба я адважуся, калі выстраліць пушка, сесці ў шлюпку разам з гэтымі разбойнікамі, запырсканымі чалавечай крывёю? Хіба кожны з іх не скруціць мне галаву, як толькі ўбачыць мяне? Ужо сама мая адсутнасць, хіба яна не давяла ім, што я іх баюся і, значыцца, аб усім дагадваюся? „Усё скончана, — думаў я. — Бывай, „Іспан'ёла“! Бывайце, сквайр, доктар, капітан! Я загіну або ад голаду, або ад бандыцкага нажа.

Я імчаўся, не ведаючы куды, і апынуўся ў падножжа невысокай гары з двухгаловай вяршынай. У гэтай частцы вострава вечназялёныя дубы раслі не так густа і былі падобны сваімі памерамі не да кустоў, а да звычайных лясных дрэў. Зрэдка над імі ўзвышаліся адзінокія сосны. Паветра тут было свежае і чыстае, зусім не такое, як унізе, каля балота.

Але тут мяне пільнавала другая небяспека, і сэрца маё зноў замерла ад жаху.

Раздзел ХV

АСТРАВІЦЯНІН

З абрывістага камяністага спада пасыпаўся жвір і пакаціўся ўніз, шастаючы і падскакваючы паміж дрэвамі. Я мімаволі глянуў уверх і ўбачыў дзіўную істоту, якая імкліва скочыла за ствол сасны. Што гэта? Мядзведзь? Чалавек? Малпа? Я паспеў разгледзець толькі штосьці цёмнае і касматае і ад жаху спыніўся.

Такім чынам абодва шляхі адрэзаны. Ззаду мяне чакаюць забойцы. Наперадзе — гэтае невядомае страшыдла. І я адразу-ж палічыў за лепшае вядомую небяспеку, чым невядомую. Нават Сільвер не здаваўся мне такім страшным, як гэты лясны вырадак. Я павярнуўся і, што хвіліну азіраючыся, пабег у напрамку да шлюпак.