Старонка:Востраў скарбаў.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

памру, як сабака, але я свайго абавязка не парушу. Гэта-ж ты забіў Алана, а? Дык забі і мяне, калі можаш. Але ведай, што я цябе не баюся.

З гэтымі словамі адважны марак павярнуўся да повара спіной і пайшоў да берага. Але яму не ўдалося адыйсці далёка. Джон усклікнуў, схапіўся за галінку дрэва, выхапіў свой кастыль з падпахі і кінуў яму наўздагон, як кап'ё. Кастыль, пушчаны з надзвычайнай сілай, са свістам праляцеў у паветры і ўдарыў Тома вострым наканечнікам у спіну паміж лапаткамі. Бедны Том узмахнуў рукамі і ўпаў.

Не ведаю, ці моцна ён быў ранены. Мяркуючы па гуку, у яго быў разбіты пазваночнік. Сільвер не даў яму апамятацца. Без кастыля, на адной назе, ён ускочыў на яго са зручнасцю малпы і двойчы ўсадзіў свой нож да самай рукаяткі ў яго безобароннае цела. Седзячы ў кустах, я чуў, як цяжка дыхаў забойца, робячы ўдары.

Ніколі раней я не траціў прытомнасці і не ведаў, што гэта такое. Але тут увесь свет паплыў вакол мяне, як у тумане. І Сільвер, і птушкі, і вяршына Падзорнай Трубы — усё круцілася, хісталася. Вушы мае напоўніліся звонам рознастайных званоў і нейкімі воддальнымі галасамі.

Калі я ачуняў, кастыль быў ужо ў нягодніка падпахай, а капялюш на галаве. Перад ім нерухома ляжаў Том. Але забойца нават не глядзеў на яго. Ён чысціў свой акрываўлены нож пучком травы.

Вакол усё было паранейшаму. Сонца бязлітасна паліла балота, над якім клубіўся туман, і высокую вяршыну гары. І не верылася, што хвіліну таму назад перад маімі вачыма быў забіты чалавек.

Джон засунуў руку ў кішэнь, дастаў з кішэні свісток і некалькі разоў свіснуў. Свіст разнёсся далёка ў спякотным паветры. Я, зразумела, не ведаў значэння гэтага сігнала, але ўсе мае жахі адразу абудзіліся. Сюды прыдуць людзі. Мяне заўважаць. Яны ўжо забілі двух сумленных маракоў. Чаму-бы пасля Тома і Алана не зрабіцца ахвяраю і мне?

Стараючыся не шумець, я выпаўз з хмызняка і паімчаўся ў лес. Уцякаючы, я чуў, як стары пірат пераклікаўся са сваімі таварышамі. І гэтыя гукі быццам прыдалі мне