Старонка:Востраў скарбаў.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Раздзел ХIV

ПЕРШЫ ЎДАР

Здаволены, што ўцёк ад Доўгага Джона, я развесяліўся і пачаў з цікавасцю разглядаць незнаёмую мясцовасць.

Спачатку я трапіў у балота, заросшае ніцай лазой, чаротамі і нейкімі дрэвамі невядомай мне пароды. Затым вышаў на адкрытую пясчаную роўнядзь, каля мілі ў даўжыню, дзе раслі рэдкія сосны і нейкія скручаныя, крывыя дрэвы, падобныя на дубы, але са светлымі лісцямі, як у ніцай лазы. У воддалі відаць была двухгаловая гара — абедзве дзіўныя скалістыя вяршыны ярка ззялі на сонцы.

Упершыню я адчуў радасць даследчыка невядомых краін. Востраў быў незаселены. Людзі, прыехаўшыя разам са мной, асталіся далёка ззаду і я нікога не мог сустрэць, апрача дзікіх звяроў і птушак. Я асцярожна праціскаўся сярод дрэў. То тут, то там трапляліся мне нейкія невядомыя расліны і краскі.

То тут, то там я натрапляў на гадзюк. Адна з іх сядзела ў шчыліне каменя. Яна падняла галаву і засіпела на мяне дзіўным гукам, падобным да сіпення ваўчка, калі ён круціцца. А я і не ўяўляў, што гэта славутая грымучая гадзюка, укус якой смяротны.

Нарэшце я ўвайшоў у гушчар дрэў, падобных да дубоў. Упаследку я даведаўся, што іх называюць вечназялёнымі дубамі. Яны раслі на пяску, вельмі нізкія, быццам цярновыя кусты. Вузлаватыя галінкі іх былі дзівосна выгнуты, лісццё густое, як саламяная страха. Зараснікі іх рабіліся ўсё вышэй і гусцей, спушчаліся з пясчанага адкоса да шырокага заросшага кустамі балота, праз якое працякала адна з рэчак, што ўпадалі ў пратоку. Пара ўзнімалася над балотам, і абрысы Падзорнай Трубы дрыжэлі ў спякотным тумане.

Раптам зашорхаў сітнік. З крэканнем узнялася дзікая качка, за ёй другая, і хутка над балотам павісла вялізная хмара птушак, якія з крыкам кружыліся ў паветры. Я адразу здагадаўся, што хто-небудзь з нашых маракоў ідзе