Старонка:Востраў скарбаў.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

праз балота, і не памыліўся. Хутка я пачуў воддальны голас, які набліжаўся і рабіўся ўсё больш гучным.

Я вельмі спалохаўся, шмыгнуў у бліжэйшы гушчар вечназялёных дубоў і прытаіўся, як мыш.

Другі голас адказаў. Затым зноў загаварыў першы голас, і я пазнаў яго — гэта быў голас Сільвера. Ён гаварыў аб чымсьці, не змаўкаючы. Яго спадарожнік адказаў яму рэзка. Калі меркаваць па галасах, яны размаўлялі палка, бадай што злосна, але слоў разабраць я не мог.

Нарэшце яны замоўклі і, відаць, прыселі, таму што птушкі паступова супакоіліся і спусціліся на балота.

І я адчуў, што ўхіляюся ад сваіх абавязкаў. Калі ўжо я такі дурны, што паехаў на бераг з піратамі, я павінен, хоць-бы, падслухаць аб чым яны раюцца. Мой абавязак падказвае мне падкрасціся да іх як мага бліжэй і схавацца ў густое лісцё крывых, вузлаватых хмызнякоў.

Я мог дакладва вызначыць тое месца, дзе сядзелі абодва маракі, — і па галасах і па неспакою некалькіх птушак, якія ўсё яшчэ кружыліся над іх галовамі.

Павольна, але ўпарта поўз я ракам усё наперад. Нарэшце, падняўшы галаву і глянуўшы ў прасвет паміж лісцем, я ўбачыў на зялёнай палянцы каля балота, пад дрэвамі, Джона Сільвера і яшчэ аднаго марака. Яны стаялі адзін насупраць другога і размаўлялі.

Іх абодвух паліла сонца. Сільвер кінуў свой капялюш на зямлю, і яго вялікі, пухлы, бялясы, пакрыты бліскучым потам твар быў звернуты да субяседніка ледзь не з мальбой.

— Прыяцель, — казаў ён, — ты для мяне чыстае золата. Няўжо, ты думаеш, я клапаціўся-б аб табе, калі-б не любіў-бы цябе ад усяго майго сэрца? Усё ўжо зроблена, ты нічога не зменіш. Я хачу выратаваць цябе ад смерці, вось толькі чаму я з табой. Калі-б нашы матросы даведаліся, аб чым я з табой гавару, Том, падумай, што-б яны са мной зрабілі!

— Сільвер, — адказаў марак, і я заўважыў, што яго твар пачырванеў, а яго ахрыплы кракаючы голас дрыжыць, як нацягнены канат, — Сільвер, ты ўжо не малады чалавек