Старонка:Востраў скарбаў.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адбываецца. Усё было ясна як дзень. У разбойнікаў быў цяпер другі капітан — Сільвер, і яны слухаліся толькі яго загадаў. А мірныя матросы — хутка выявілася, што былі на караблі і такія, — аказаліся істотнымі дурнямі. Магчыма, аднак, што матросы ўсе да аднаго былі настроены супроць нас важакамі, але занадта далёка ім заходзіць не хацелася. Адна рэч — непаслухмянасць, бурчэнне і гультайства, а другая — захоп карабля і забойства ні ў чым не вінаватых людзей. Пасля доўгіх спрэчак каманда падзялілася так: шасцёра асталіся на караблі, а астатнія трынаццаць, у тым ліку і Сільвер, пачалі рассаджвацца ў шлюпках.

Вось тут і рашыўся я раптам на адважны ўчынак, які ў паследку выратаваў нас ад смерці. Я разважаў так: мы не можам захапіць карабль, паколькі Сільвер пакінуў на борце шасцярых сваіх разбойнікаў. З другога боку, паколькі іх асталося толькі шасцёра, значыцца, яны не рыхтуюцца нападаць на нас зараз-жа. Выходзіць, на караблі я непатрэбен. І я рашыў адправіцца на бераг. У адну хвіліну я пралез праз борт і спусціўся ў шлюпку, якая ў тую-ж хвіліну адплывала.

Ніхто не звярнуў на мяне ўвагі, і толькі пярэдні грабец сказаў:

— Гэта ты, Джым? Трымай галаву ніжэй.

Але Сільвер, які сядзеў у другой шлюпцы, уважліва ўгледзеўся ў нашую і аклікнуў мяне, каб пераканацца, што гэта сапраўды я. І тады я пашкадаваў, што паехаў.

Шлюпкі паімчаліся да берага навыперадкі. Але тая шлюпка, у якой сядзеў я, адплыла першай, аказалася больш лёгкай, і грабцы ў ёй падабраліся найлепшыя. Мы адразу выперадзілі другую шлюпку. Ледзь наш нос крануўся берага, я ўхапіўся за галінку, выскачыў і кінуўся ў гушчар. А Сільвер і яго таварышы асталіся ярдаў на сто ззаду.

— Джым, Джым? — крычаў ён.

Але, зразумела, я не звярнуў на яго крык ніякай увагі. Без аглядкі, падскокваючы, ламаючы кусты, ныраючы ў траву, я бег усё наперад, і наперад, пакуль не знясіліўся.