Старонка:Востраў скарбаў.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мы сабраліся ў каюце на нараду.

— Сэр, — сказаў капітан, — калі я аддам хоць адзін загад, увесь карабль кінецца на нас. Вы бачыце, сэр, што робіцца. Мне грубіяняць на кожным кроку. Калі я адкажу на грубасць, нас разарвуць на шматкі. Калі я не адкажу на грубасць, Сільвер можа заўважыць, што тут нешта нядобрае, і гульня будзе прайграна. Але-ж цяпер мы можам пакладацца толькі на аднаго чалавека.

— На каго? — спытаў сквайр.

— На Сільвера, сэр, — адказаў капітан. — Ён не менш нас з вамі хоча ўладзіць справу. Ён выбіваецца з сіл, каб угаварыць іх не бунтаваць раней часу. Я прапаную даць яму магчымасць угаварыць іх, як належыць. Адпусцім матросаў на бераг пагуляць. Калі яны паедуць усе разам, што-ж, мы захопім карабль. Калі ніхто з іх не паедзе, мы зачынімся ў каюце і будзем абараняцца, калі-ж паедуць толькі некаторыя то, верце мне, Сільвер прывядзе іх на карабль паслухмянымі, як авечкі.

Так і вырашылі. Надзейным людзям мы раздалі набітыя пісталеты. Гэнтару, Джойсу і Рэдрэту мы паведамілі аб нашых планах. Даведаўшыся аб усім, яны не вельмі здзівіліся і сустрэлі наша паведамленне больш спакойна, чым мы чакалі. Затым капітан вышаў на палубу і звярнуўся да каманды:

— Хлопцы, — сказаў ён, — сёння шмат давялося папрацаваць, і ўсе мы страшэнна стаміліся. Прагулка на бераг нікому не пашкодзіць. Шлюпкі спушчаны. Хто хоча, можа адпраўляцца на бераг. Можаце прыхапіць з сабой гічкі. За поўгадзіны да захаду сонца я выстралю з пушкі.

Відаць, гэтыя дурні ўявілі сабе, што знойдуць скарбы, ледзь толькі высадзяцца на бераг. Уся іх панурасць адразу знікла. Яны так гучна закрычалі „ура“, што водгулле прачнулася ў далёкіх узгорках і спалоханыя птушкі зноў закружыліся з крыкам над стаянкай.

Капітан абышоўся з імі вельмі разумна: ён адразу адышоў, дазволіўшы Сільверу распараджацца ад'ездам. Ды і як-жа інакш было яму зрабіць. Калі-б ён астаўся на палубе, ён не мог-бы прыкінуцца быццам ён не разумее, што