Старонка:Востраў скарбаў.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пратока была дасканала закрыта з усіх бакоў. Яна гублялася сярод густых лясоў. Лясы пачыналіся ад самай вады. Берагі былі плоскія. А ўводдалі амфітэатрам узнімаліся ўзгоркі. Дзве балоцістыя рачушкі ўпадалі ў пратоку, якая здавалася сажалкай. Расліннасць каля гэтых рачушак здзіўляла нейкай ядавітай яскравасцю. З карабля не было відаць ні пабудовы, ні частаколу — дрэвы засланялі іх зусім, і, каб не карта, мы маглі-б падумаць, што мы — першыя людзі, якія наведалі гэты востраў ад той пары, як ён узняўся з глыбінь акіяна.

Паветра не варушылася. Толькі адзін гук парушыў цішыню — воддальны шум прыбоя, што разбіваўся аб скалы ў другім канцы вострава. Дзіўны, затхлы пах узнімаўся вакол карабля — пах прэлага лісця і гнілых ствалоў. Я заўважыў, што доктар усё нюхае і моршчыцца, быццам яму дасталося тухлае яйка.

— Не ведаю, ці ёсць тут скарб, — сказаў ён, — але клянуся сваім парыком, што ліхарадка тут ёсць.

Паводзіны каманды, трывожыўшыя мяне на шлюпцы зрабіліся пагражаючымі, калі мы вярнуліся на карабль. Матросы расхаджвалі па палубе і аб чымсьці перагаварваліся. Загады, нават самыя нязначныя, яны выслухоўвалі панура і выконвалі вельмі неахвотна. Нават мірных матросаў ахапіла зараза нездавальнення, і не было каму заклікаць іх да парадку. Бунт збіраўся над нашымі галовамі, як навальніца.

Не толькі мы, насельнікі каюты, заўважылі небяспеку. Доўгі Джон як мага стараўся падтрымаць парадак, пераходзячы ад групкі да групкі, то ўгаварваючы, то паказваючы прыклад. Ён як мага стараўся дагадзіць і выказаць прыязнасць. Ён усміхаўся кожнаму. Калі даваўся які-небудзь загад, ён першы кідаўся на сваёй дзеравяжцы выконваць яго з вясёлым крыкам:

— Ёсць, ёсць, сэр!

А калі не было чаго рабіць, ён спяваў песні, адну за другой, каб не так была прыкметна панурасць астатніх.

З усяго, што адбывалася ў гэты злавесны дзень, самым злавесным здаваліся нам паводзіны Доўгага Джона.