Старонка:Востраў скарбаў.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хвалях, але цяпер ён стаяў на якары і ў той-жа час круціўся ў вадзе, як бутэлька; ад гэтага мне рабілася млосна, асабліва раніцамі, на пусты страўнік.

Не ведаю, што на мяне зрабіла ўплыў — ці качка, ці гэтыя шэрыя, сумныя лясы, гэтыя дзікія, голыя каменні, гэты грукат прыбоя, які біў ў стромкія берагі, але — хоць сонца ззяла горача і ярка, хоць марскія птушкі кішэлі навокал і з крыкамі лавілі ў моры рыбу, хоць усякі, натуральна, быў-бы рады, убачыўшы зямлю пасля такога доўгага плавання ў адкрытым моры, — туга ахапіла маё сэрца. І з першага поглялу я зненавідзеў Востраў скарбаў.

У гэтую раніцу нас чакала цяжкая работа. Паколькі не было ветру, нам давялося спусціць шлюпкі, працягнуць шкуну на вёслах тры ці чатыры мілі, абагнуць мыс і ўвесці яе ў вузкую пратоку за Востравам шкілета.

Я ўсеўся ў адну са шлюпак, хоць у ёй мне не было што рабіць. Сонца паліла нясцерпна, і матросы ўвесь час бурчэлі, праклінаючы сваю цяжкую работу. Нашай шлюпкай камандаваў Эндэрсон. Замест таго, каб стрымліваць астатніх, ён сам бурчэў і лаяўся гучней за ўсіх.

— Ну, дык добра, — сказаў ён і вылаяўся. — Хутка ўсяму гэтаму будзе канец.

„Кепская адзнака“, рашыў я. Да гэтай пары людзі працавалі старанна і ахвотна. Але аднаго выгляду вострава аказалася досыць, каб паслабіць дысцыпліну.

Доўгі Джон стаяў, не адыходзячы, каля рулявога і дапамагаў яму весці карабль. Ён ведаў пратоку, як сваю ўласную далонь, і ніколі не дзівіўся тым, што пры памерах усюды аказвалася глыбей, чым гэта было адзначана на карце.

— Гэты вузкі праход прарыты акіянскім адлівам, — сказаў ён. — Адліў паглыбляе яго ўсякі раз, як рыдлёўка.

Мы спыніліся ў тым самым месцы, дзе на карце быў нарысаваны якар. Трэць мілі аддзяляла нас ад галоўнага вострава і трэць мілі ад Вострава шкілета. Дно было чыстае, пясчанае. Загрукатаў, падаючы, наш якар, і цэлыя хмары птушак узняліся з крыкам і кружыліся над лесам. Але праз хвіліну яны зноў схаваліся ў галінах, і ўсё змоўкла.