Старонка:Востраў скарбаў.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

воным чарнілам дробным выразным почыркам, зусім не падобным на капітанавы крывулі, было напісана:

„Галоўная частка скарба тут”.

На адваротным баку карты былі тлумачэнні, напісаныя тым-жа почыркам. Вось яны:

„Вялікае дрэва на плячы Падзорнай Трубы, напрамак да Поўн. ад Поўн.-Поўн.-Усх.

Востраў шкілета Усх.-Поўдз.-Усх. і на Усх.

Дзесяць футаў.

Зліткі серабра ў паўночнай яме. Адшукаеш яе на спадзе ўсходняга ўзвышша, за дзесяць сажняў на поўдзень ад чорнай скалы, калі стаць да яе тварам.

Зброю знайсці лёгка, яна ў пясчаным узгорку, на Поўн. канцы паўночнага мыса, трымаючыся на Ўсх. і на чвэрць румба да Поўн.

Д. Ф“.

І ўсё. Гэтыя запісы паказаліся мне зусім незразумелымі. Але не гледзячы на сваю кароткасць, яны выклікалі захапленне ў сквайра і доктара Лівсі.

— Лівсі, — сказаў сквайр, — вы павінны неадклална пакінуць вашу мізэрную практыку. Заўтра я еду ў Брыстоль. Праз тры тыдні… Не, праз два тыдні!.. Не, праз дзесяць дзён у нас будуць лепшы карабль, сэр, і самая адборная каманда ва ўсёй Англіі. Гоўкінс паедзе юнгам. З цябе выйдзе выдатны юнга, Гоўкінс. Вы, Лівсі, — карабельны доктар. Я — адмірал. Мы возьмем з сабой Рэдрэта, Джойса і Гэнтэра. Спадарожны вецер хутка данясе нас да вострава. Адшукаць там скарбы будзе вельмі лёгка. У нас будзе столькі манет, што мы зможам есці іх, купацца ў іх, шпурляць іх рыкашэтам у ваду.

— Трэлоўні, — сказаў доктар, — я паеду з вамі. Ручаюся, што мы з Джымам апраўдаем ваша давер'е. Але ёсць адзін чалавек, на якога я баюся пакладацца.

— Хто ён? — усклікнуў сквайр, — назавіце гэтага пса, сэр!

— Вы, — адказаў доктар, — таму што вы не ўмееце трымаць язык за зубамі. Не мы адны ведаем аб гэтых паперах. Тыя разбойнікі, што сёння ўвечары разграмілі карчму, як бачыце, шалёна смелы народ, — і тыя разбойнікі, якія аста-