Старонка:Востраў скарбаў.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пяці ці шасці памылковых закрэсленых падлікаў, было зроблена падсумаванне, і ў нізе падпісана: „Доля Бонса“.

— Я нічога не магу зразумець, — сказаў доктар Лівсі.

— А між тым усё ясна, як дзень! — усклікнуў сквайр. — Перад намі прыбытковая кніга гэтага гнуснага пса. Крыжыкамі замяняюцца назвы патопленых караблёў і абрабаваных гарадоў. Лічбы адзначаюць долю гэтага душагуба з агульнага здабытка. Там, дзе ён унікаў недакладнасці, ён устаўляў некаторыя тлумачэнні. „Насупраць Каракаса“, напрыклад. Гэта значыць, што насупраць Каракаса было абрабавана нейкае няшчаснае судна. Бедныя маракі, што плылі на ім, даўно ўжо гніюць сярод каралаў.

— Правільна! — сказаў доктар. — Вось што значыць быць вандроўцам. Правільна! І доля яго ўзрастала ў той меры, як ён павышаўся ў чыне.

Нічога больш у гэтым сшытку не было, акрамя назвы некаторых мясцовасцей, запісаных на чыстых старонках, ды табліцы для перавода англійскіх, іспанскіх і французскіх грошай у хадзячую манету.

— Эканомны чалавек! — усклікнуў доктар. — Яго не аблічыш.

— А зараз, — сказаў сквайр, — паглядзім, што тут.

Канверт быў запячатаны ў некалькіх месцах. Пячаткай быў напарстак — відаць, той самы напарстак, які я знайшоў у капітанавай кішэні. Доктар асцярожна зламаў пячаткі, і на стол вывалілася карта нейкага вострава, з шыратой і даўгатой, з азначэннем глыбіні мора каля берагоў, з назвамі ўзгоркаў, заток і мысаў. Наогул тут было ўсё, што можа спатрэбіцца, каб без усякай рызыкі падыйсці да невядомага вострава і кінуць якар.

Востраў меў дзевяць міль у даўжыню, і пяць у шырыню. Ён нагадваў тлустага дракона, устаўшага на дыбкі. Мы заўважылі дзве гавані, добра ўкрытыя ад бур, і ўзгорак пасярэдзіне, названы „Падзорная труба“.

На карце было шмат дадаткаў, зробленых пазней. Больш за ўсё кідалася ў вочы тры крыжыкі, зробленыя чырвоным чарнілам, — два ў паўночнай частцы вострава і адзін у паўднёва-заходняй. Каля гэтага апошняга крыжыка тым-жа чыр-