Старонка:Востраў скарбаў.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зала, што яшчэ няма сямі гадзін, што ў нас яшчэ безліч часу. І яна ведае ўсе свае правы і нікому не ўступіць іх. Упарта спрачалася яна са мной да той пары, пакуль мы раптам не пачулі працяжны ціхі свіст, што раздаўся недзе ў воддалі, на ўзгорку.

Мы адразу перасталі спрачацца.

— Я вазьму тое, што паспела адлічыць, — сказала яна ускакваючы на ногі.

— А я прыхаплю і гэта для круглай лічбы, — сказаў я, бяручы пачку заверчаных у кляёнку папер.

Праз хвіліну мы ўжо былі ўнізе. Свечка асталася каля пустой скрынкі. Я адчыніў дзверы, і мы вышлі на дарогу. Нельга было траціць ні хвіліны. Імгла хутка рассейвалася. Месяц вельмі яскрава ззяў, толькі ў глыбіні лагчыны ды каля дзвярэй карчмы была накінута зыбкая заслона імглы, як быццам для таго, каб схаваць першыя крокі нашага ўцёку. Але ўжо на палове дарогі, ледзь вышэй, каля падножжа ўзгорка, мы павінны былі няўхільна папасці ў паласу месячнага святла.

У воддалі мы пачулі нечыя крокі, якія хутка набліжаліся.

Мы азірнуліся і ўбачылі скачучы агеньчык: нехта нёс ліхтар.

— Даражэчькі, — раптам сказала маці, — бяры грошы і бяжы. Я адчуваю, што зараз абамлею.

„Мы загінулі абодва“, рашыў я. Як праклінаў я трусасць нашых суседзяў! Як злаваў я на сваю бедную маці і за яе сумленнасць, і за яе скромнасць, і за яе цяперашнюю слабасць!

На шчасце, мы праходзілі каля нейкага мосціка. Я дапамог ёй зысці ўніз. Яна ўздыхнула і ўпала мне на плячо. Не ведаю, як я набраўся сілы, але я пацягнуў яе ўніз, да ручая. Непакоюся, што гэта было зроблена даволі груба. Мосцік быў нізенькі, і рухацца пад ім можна было толькі на карачках. Я папоўз далей, пад скляпенне, а маці асталася бадай уся на віду. Гэта было за некалькі крокаў ад карчмы.