Старонка:Востраў скарбаў.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Раздзел V

КАНЕЦ СЛЯПОГА

Аказалася, што мая цікавасць была мацней за страх. Я не мог пасядзець на месцы. Асцярожна вылез я ў лагчынку і схаваўся за кустом дрока. Адсюль я выразна бачыў дарогу перад дзвярыма карчмы.

Ледзь я заняў свой назіральны пост, як з'явіліся ворагі. Іх было чалавек сем ці восем. Яны хутка набліжаліся, гучна і бязладна стукаючы ботамі. Чалавек з ліхтаром бег наперадзе ўсіх. За ім ішлі трое, трымаючыся за рукі. Не гледзячы на туман, я разгледзеў, што сярэдні ў гэтым трыё — сляпы жабрак. Потым я пачуў яго голас і пераканаўся, што не памыліўся.

— Да чорта дзверы! — крыкнуў ён.

— Ёсць, сэр! — адклікнуліся двое ці трое.

І яны рынуліся ў атаку на дзверы „Адмірала Бенбоў“. Каля самых дзвярэй яны спыніліся і пачалі раіцца шэптам. Відаць, іх здзівіла, што дзверы не зачынены. Потым зноў пачуліся загады сляпога. Нецярплівы люты яго голас рабіўся ўсё грамчэйшым і больш пісклівым.

— У дом! У дом! У дом! — крычаў ён, праклінаючы іх за маруднасць.

Чацвёра ці пяцёра ўвайшлі ў дом, двое асталіся на дарозе, разам з жахлівым жабраком. Потым, пасля некалькіх хвілін цішыні, пачуўся крык здзіўлення, і нечый голас залямантаваў з сярэдзіны:

— Білі — мёртвы!

Але сляпы зноў вылаяў іх за тое, што яны так важдаюцца.

— Абшукайце яго, подлыя гультаі! Астатнія наверх, па скрынку! — загадаў ён.

Яны застукалі ботамі па нашых старых сходках, і ўвесь дом задрыжэў ад іх тупату. Потым зноў раздаліся здзіўленыя галасы. Акно ў капітанавым пакоі расчынілася насцеж, і ўніз са звонам пасыпаліся аскелкі разбітага шкла. З акна высунуўся чалавек. Галава яго і плечы былі добра відаць