Старонка:Востраў скарбаў.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бялеўшы ад салёнай вады. Маці нецярпліва адкінула яго, і мы ўбачылі апошнія рэчы, што ляжалі ў скрынцы: заверчаны ў кляёнку пакет, накшталт пачкі папер, і палатняны мяшок, у якім, мяркуючы па звону, было золата.

— Я пакажу гэтым разбойнікам, што я сумленная жанчына, — сказала маці. — Я вазьму толькі тое, што ён мне быў павінен, і ні фарцінга[1] больш. Трымай торбачку!

І яна пачала адлічваць грошы, перакладваючы іх з мяшка ў торбачку, якую я трымаў. Гэта была цяжкая справа, узяўшая шмат часу. Тут былі сабраны і памяшаны манеты самых рознастайных чэканак і краін: і дублоны, і луідоры, і гінеі, і піястры[2], і яшчэ нейкія мне невядомыя. Гіней было менш за ўсё, а маці мая ўмела лічыць толькі гінеі.

Калі яна адлічыла ўжо палову таго, што быў павінен нам капітан, я раптам схапіў яе за руку. У ціхім марозным паветры пранёсся гук, ад якога кроў застыла ў мяне ў жылах, — пастукванне палкай па мёрзлай дарозе. Гук набліжаўся, і мы прыслухоўваліся да яго, затоіўшы подых. Затым па'чуўся гучны ўдар у дзверы карчмы, пасля гэтага ручка дзвярэй заварушылася і заляскатала засаўка — нехта спрабаваў зайсці. Настала цішыня ўнутры і знадворку. І, нарэшце, зноў пачулася пастукванне палкай. Да нашай нязмернай радасці, яно цяпер аддалялася і хутка замерла.

— Маці, — сказаў я, — бяры ўсё, ды пабяжым хутчэй.

Я быў упэўнен, што зачыненыя на засаўку дзверы паказаліся сляпому падазронымі і пабаяўся, што ён прывядзе сюды ўсё сваё асінае гняздо.

І ўсё-ж як добра, што я здагадаўся зачыніць дзверы на засаўку!

Але маці, не гледзячы на ўвесь свой страх, не згаджалася ўзяць ні адной манеты больш таго, што ёй належала. І ў той-жа час упарта не згаджалася ўзяць менш. Яна ка-

  1. Фарцінг — англійская манета.
  2. Піястр і дублон — старадаўнія іспанскія манеты. Луідор — французская манета.