Старонка:Востраў скарбаў.pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Доктар і сквайр рашылі правесці вечар у горадзе. Яны захапілі з сабой і мяне. На беразе мы сустрэліся з капітанам англійскага ваеннага карабля і паехалі да яго на карабль. Там мы вельмі прыемна правялі час, і ўжо пачыналіся досвіткі, калі мы вярнуліся на „Іспан'ёлу“.

На палубе быў толькі адзін чалавек — Бен Ган, і, ледзь мы ўзышлі на карабль, ён пачаў каяцца і абвінавачваць сябе ў жахлівым праступку, робячы самыя дзікія жэсты. Аказалася, што Сільвер уцёк. Бен прызнаўся, што сам дапамог яму сесці ў лодку, таму што быў пераконаны, што нам усім пагражала небяспека, „пакуль на борце астаецца гэты аднаногі чорт“. Але карабельны повар уцёк не з пустымі рукамі. Ён непрыкметна праламаў перагародку і ўкраў мяшочак з грашыма — трыста або чатырыста гіней, якія, несумненна, спатрэбяцца яму ў яго далейшых вандраваннях. Мы ўсе былі задаволены, што так удала пазбыліся яго.

Не жадаючы быць шматслоўным, скажу толькі, што, узяўшы да сябе на карабль некалькі новых матросаў, мы шчасліва прыбылі ў Брыстоль.

„Іспан'ёла“ вярнулася якраз да таго часу, калі містэр Блэндлі пачаў ужо падумваць, ці не паслаць на дапамогу другі карабль. З усёй яе каманды толькі пяцёра вярнуліся дамоў. „Пі, а рэшта даканае чортава рука“ — вось прароцтва, якое цалкам спраўдзілася ў адносінах да ўсёй рэшты. Аднак, „Іспан'ёла“ усё-ж аказалася шчаслівей за той карабль, аб якім спявалі піраты:

Усе семдзесят пяць не вярнуліся з мора —

Усіх паглынула марская прастора.

Кожны з нас атрымаў сваю долю скарбаў. Адны скарысталі багацці разумна, а іншыя, наадварот, неразумна, у адпаведнасці са сваім тэмпераментам. Капітан Смолет пакінуў марскую службу. Грэй заняўся старанным вывучэннем марской справы. Цяпер ён штурман саўладальнік аднаго дасканалага і добра абсталяванага карабля. Што датычыцца Бена Гана, ён атрымаў сваю тысячу фунтаў і патраціў іх усе за тры тыдні, або больш дакладна, за дзевятнаццаць