Старонка:Востраў скарбаў.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тут выявілася, што разбойнікі сачылі за намі больш уважліва, чым мы думалі раней, бо, калі мы плылі ў пратоцы і наблізіліся да паўднёвага канца вострава, мы ўбачылі іх трох: яны стаялі на каленях на пясчанай касе і з мальбой прасціралі да нас рукі. Нам было цяжка пакідаць іх на незаселеным востраве, але другога выйсця ў нас не было. Хто ведае, ці не ўзнімуць яны новы мяцеж, калі мы возьмем іх на карабль! Ды было-б жорстка везці на радзіму людзей, якіх там чакае шыбеніца. Доктар паклікаў іх і паведаміў, што мы пакінулі для іх ежу і порах, і пачаў падрабязна тлумачыць, як гэтыя прыпасы знайсці. Але яны называлі нас усіх па імёнах, малілі зжаліцца над імі і не даць ім памерці ў адзіноце.

Нарэшце, убачыўшы, што карабль адыходзіць, адзін з іх — не ведаю які — з дзікім крыкам ускочыў на ногі, схапіў свой мушкет і стрэліў. Куля прасвісцела над галавой Сільвера і прадзіравіла грот.

Мы пачалі больш сцерагчыся і схаваліся за больверкам. Калі я рашыў глянуць з-за прыкрыцця, піратаў ужо не было на касе, ды і сама каса бадай што знікла. А неўзабаве перад поўднем, на маю невымоўную радасць, знік за гарызонтам і ўвесь Востраў скарбаў.

Нас было так мала, што даводзілася працаваць звыш сілы. Капітан аддаваў загады, лежачы на карме на матрацы. Ён папраўляўся, але яму ўсё яшчэ быў патрэбен спакой. Мы трымалі курс на бліжэйшы порт Іспанскай Амерыкі, каб наняць новых матросаў: без іх мы не адважваліся плыць дамоў. Вецер часта мяняўся і збіваў наш карабль са шляху; апрача таго, два разы перанеслі мы вялікія штормы і зусім змучыліся, пакуль дабраліся да Амерыкі.

Сонца ўжо садзілася, калі мы, нарэшце, кінулі якар у маляўнічай закрытай гавані. Нас акружылі лодкі з неграмі, мулатамі і мексіканскімі індзейцамі, якія прадавалі нам фрукты і гародніну і былі гатовы памінутна ныраць за кінутымі ў ваду манетамі. Добрадушныя твары (пераважна чорныя), смачныя трапічныя фрукты і, галоўнае, агеньчыкі, якія ўспыхнулі ў горадзе, — усё гэта было так захапляюча, так непадобна да панурага акрываўленага Вострава скарбаў!