Старонка:Востраў скарбаў.pdf/212

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзён, таму што на дваццаты з'явіўся да нас жабраком. Сквайр зрабіў з Бенам якраз тое, чаго Бен так баяўся: даў яму пасаду вартаўніка ў парку, ён жыве яшчэ і зараз, сварыцца і дружыць з вясковымі блазнюкамі, а ў нядзелі і святочныя дні дасканала спявае ў царкоўным хоры.

Аб Сільверы мы больш нічога не чулі. Агідлівы аднаногі марак назаўсёды адышоў з майго жыцця. Відаць, ён адшукаў тую чорнаскурую жанчыну і жыве сабе дзе-небудзь з ёю і з Капітанам Флінтам. Астатняя частка скарба — серабро ў злітках і зброя — усё яшчэ ляжыць там, дзе яе закапаў нябожчык Флінт. І, па-мойму, хай сабе ляжыць. Цяпер мяне ні чым не завабіш на гэты пракляты востраў. Дагэтуль мне начамі сняцца буруны, якія разбіваюцца аб яго берагі і я ўскакваю з пасцелі, пачуўшы сіплы голас Капітана Флінта, які крычыць:

— Піястры! Піястры! Піястры!