Старонка:Востраў скарбаў.pdf/207

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мы працавалі няспынна. Грэй і Бен Ган адвозілі золата ў лодцы на шкуну, а астатнія дастаўлялі яго на бераг. Золата — вельмі цяжкі метал: два залатыя зліткі мы звязвалі разам вяроўкай і клалі адзін аднаму на плячо — больш двух зліткаў адзін чалавек не мог падняць. Паколькі насіць цяжары я не мог, мяне пакінулі ў пячоры, загадалі насыпаць грошы ў мяшкі з-пад сухароў.

Як і ў скрынцы Білі Бонса, тут былі манеты самай рознастайнай чаканкі, але, безумоўна, іх было значна больш. Мне вельмі падабалася сартаваць іх. Англійскія, французскія, іспанскія, партугальскія манеты, гінеі і луідоры, дублоны і падвойныя гінеі, муадоры і цэхіны, манеты з адбіткамі ўсіх еўрапейскіх каралёў за апошнія сто год, дзіўныя ўсходнія манеты, на якіх адбіты не то пучок вяровак, не то жмут павуціння, круглыя манеты, квадратныя, манеты з дзіркай пасярэдзіне, каб іх можна было насіць на шыі, — у гэтай калекцыі былі сабраны грошы з усяго свету. Іх было больш, чым восеньскіх лісцяў. Ад працы з імі ў мяне ныла спіна і балелі пальцы.

Дзень мінаў за днём, а нашай рабоце відаць не было канца. Кожны вечар груды вялізных багаццяў адпраўлялі мы на карабль, але не меншая груда асталася ў пячоры. І за ўвесь гэты час мы ні разу нічога не чулі аб уцалеўшых разбойніках.

Нарэшце, калі не памыляюся, на трэці вечар, — мы з доктарам узнімаліся на ўзгорак, і раптам знізу, з беспрасветнай цемры, вецер прынёс да нас не то нейкі крык, не то песню. Пачуць як след нам нічога не ўдалося.

— Гэта разбойнікі, — сказаў доктар.

— Усе п'яныя, сэр, — пачуў я за спіною голас Сільвера.

Сільвер карыстаўся поўнай свабодай і, не гледзячы на ўсю нашу халоднасць, зноў пачаў трымацца з намі па-прыяцельску, як прывілегіяваны і прыязны слуга. Ён як быццам не заўважаў усеагульнай пагарды да сябе і кожнаму стараўся ўслужыць, каб кожны адчуваў да яго ўдзячнасць. Але ўсе абыходзіліся з ім, як з сабакам. Толькі я і Бен Ган адносіліся да яго крыху лепш, — Бен Ган усё яшчэ крыху пабайваўся ранейшага свайго кватэрмейстра, а я быў