Старонка:Востраў скарбаў.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзей, якая пальба з гармат, колькі сораму, маны і лютасці! На востраве ўсё яшчэ знаходзіліся трое — Сільвер, стары Марган і Бен, якія калісьці прымалі ўдзел ва ўсіх гэтых жудасных злачынствах і цяпер дарэмна спадзяваліся атрымаць сваю долю багаццяў.

— Заходзь, Джым, — сказаў капітан. — Ты па-свайму магчыма, і нядрэнны хлопец, але даю табе слова, што ніколі больш я не вазьму цябе ў плаванне, таму што ты з пароды любімчыкаў: робіш усё на свой лад… А, гэта ты, Джон Сільвер. Што прывяло цябе да нас?

— Вярнуўся да выканання сваіх абавязкаў, сэр, — адказаў Сільвер.

— А! — сказаў капітан.

І не дадаў ні гука.

Як слаўна я павячэраў у той вечар сярод усіх маіх сяброў! Якой смачнай здалася мне салёная казляціна Бена, якую мы запівалі старадаўнім віном, прынесеным з „Іспан'ёлы“! Ніколі яшчэ не было людзей больш вясёлых і шчаслівых. Сільвер сядзеў ззаду ўсіх, далей ад святла, але еў з апетытам, імкліва ўскакваў, калі трэба было што-небудзь падаць і смяяўся ад нашых жартаў разам з намі, — адным словам, зноў зрабіўся тым-жа ласкавым, ветлівым, услужлівым поварам, якім быў у часе нашага плавання.

Раздзел ХХХІV

І АПОШНІ

У наступную раніцу мы рана ўзяліся за работу. Да берага была цэлая міля. Трэба было перанесці туды ўсё наша золата і адтуль у шлюпцы даставіць яго на борт „Іспань'ёлы“ — цяжкая работа для такой нешматлікай купкі людзей. Тры разбойнікі, якія ўсё яшчэ бадзяліся па востраву, мала непакоілі нас. Досыць было паставіць аднаго вартавога на вяршыні ўзгорка, і мы маглі не баяцца раптоўнага нападу. Ды, апрача таго, мы меркавалі, што ў гэтых людзей надоўга пралала ахвота да ваяўнічых сутычак.