Старонка:Востраў скарбаў.pdf/205

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хустачкамі і тройчы пракрычалі „ура“, прычым Сільвер крычаў грамчэй за ўсіх.

Прайшоўшы яшчэ тры мілі, мы зайшлі ў Паўночную бухту і ўбачылі „Іспан'ёлу“. Прыліў падняў яе з мелі і яна свабодна плавала на вадзе. Калі-б у той дзень быў вецер, або калі-б у Паўночнай бухце было такое-ж моцнае цячэнне як у Паўднёвай, мы маглі-б страціць яе назаўсёды, У лепшым выпадку мы знайшлі-б толькі адны абломкі. Але, на шчасце, карабль быў цэлы, калі не лічыць парванага грота. Мы кінулі ў ваду запасны якар. Потым на шлюпцы адправіліся ў П'яную бухту — бліжэйшы да скарбніцы Бена Гана пункт. Там мы высадзіліся, а Грэя паслалі на „Іспан'ёлу“, каб ён вартаваў карабль на працягу ночы.

Па адходнаму спаду ўзняліся мы да пячоры. Наверсе сустрэў нас сквайр.

Са мной ён абышоўся вельмі ласкава. Аб маім уцёку не сказаў ні аднаго слова, — не хваліў мяне і не лаяў. Але, калі Сільвер пачціва аддаў яму чэсць, ён пачырванеў ад гневу.

— Джон Сільвер, — сказаў ён, — вы агідны нягоднік і ашуканец. Страшэнны ашуканец, сэр. Мяне ўгаварылі не праследаваць вас, і я абяцаў, што не буду. Але мерцвякі, сэр, вісяць у вас на шыі, як млынавыя жорны…

— Шчыра вам дзякую, сэр, — адказаў Доўгі Джон, зноў аддаючы яму чэсць.

— Не важцеся мне дзякаваць! — крыкаўў сквайр. — Праз вас я парушаю свой абавязак. Адыйдзіце прэч ад мяне.

Мы зайшлі ў пячору. Яна была прасторная і поўная свежага паветра. З-пад зямлі выбівалася крыніца самай чыстай вады і цякла ў невялікую сажалку, якую густа абмяжоўвала папараць. Падлога была пясчаная. Перад палаючым вогнішчам ляжаў капітан Смолет. А ў далёкім куце цмяна ззяла вялізная купа залатых манет і зліткаў. Гэта былі скарбы Флінта, — тыя самыя, дзеля якіх мы перамаглі доўгі і цяжкі шлях, дзеля якіх загінула семнаццаць чалавек з каманды „Іспан'ёлы“. А колькі чалавек загублена, колькі пакут і крыві было з-за гэтых багаццяў. Колькі было затоплена слаўных караблёў, колькі замучана адважных лю-