Старонка:Востраў скарбаў.pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сваімі рукамі. Дзякуючы гэтаму, мае сябры атрымалі магчымасць, не падпадаючы небяспецы, перабрацца з крэпасці на двухгаловую гару, далей ад малярыйных балот, і там ахоўваць скарб.

— Вядома, я прадбачыў, мілы Джым, — дадаў доктар, — што табе наша перасяленне зробіць дрэнную паслугу і гэта вельмі засмучвала мяне, але, перш за ўсё, я павінен быў падумаць пра тых, хто добра і сумленна выконваў свой абавязак. Ды нарэшце ты сам вінаваты, што цябе не было з намі.

Але ў тую раніцу, калі ён убачыў мяне ў палоне ў піратаў, ён зразумеў, што, даведаўшыся аб знікненні скарба, яны спагоняць сваю злосць на мне. Таму ён пакінуў сквайра ахоўваць капітана, захапіў з сабой Грэя і Бена Гана і накіраваўся наперарэз праз востраў да вялікай сасны. Убачыўшы ў дарозе, што наш атрад яго выперадзіў ён паслаў Бена Гана наперад, таму што ў Бена Гана былі вельмі хуткія ногі. Той рашыў зараз-жа скарыстаць забабоны сваіх былых таварышоў і з такім поспехам нагнаў на іх страх, што Грэй і доктар паспелі схавацца недалёка ад сасны, раней чым прыбылі шукальнікі скарба.

— Як добра, — сказаў Сільвер, — што са мной быў Гоўкінс! Каб яго не было, вы, доктар, не кранулі-б брывёю, калі-б мяне пасеклі на кавалкі.

— А ўжо-ж! — адказаў доктар Лівсі са смехам.

Тым часам мы падышлі да нашых шлюпак. Адну з іх доктар зараз-жа разбіў кіркай, каб яна не дасталася разбойнікам, а ў другой змясціліся мы ўсе і паплылі вакол вострава да Паўночнай бухты.

Нам давялося праплыць не то восем, не то дзевяць міль. Сільвер, не гледзячы на смяротную стомленасць, сеў за вёслы і гроб нараўне з намі. Мы вышлі з пратокі і апынуліся ў адкрытым моры. На моры быў шкіль. Мы абагнулі паўднёва-ўсходні выступ вострава, той самы, які чатыры дні таму назад агібала „Іспан'ёла“.

Праплываючы міма двухгаловай гары, мы ўбачылі цёмны ўваход у пячору Бена Гана і каля яго чалавека, які стаяў, абапёршыся на мушкет. Гэта быў сквайр. Мы памахалі яму