Старонка:Востраў скарбаў.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сапраўды, спяшацца не было куды. Мы вышлі на адкрытую паляну і ўбачылі, што тры ўцалеўшыя разбойнікі бягуць у бок узгорка Бізань-мачты. Такім чынам мы ўжо знаходзіліся паміж уцякачамі і лодкамі і маглі спакойна перадыхнуць. Доўгі Джон, выціраючы пот з твара, павольна падышоў да нас.

— Дзякую вас ад усяго сэрца, доктар, — сказаў ён. — Вы паспелі якраз своечасова, каб выратаваць нас абодвух… А, дык гэта ты, Бен Ган? — дадаў ён. — Ты, бачу я, малайчына.

— Так, я Бен Ган, — збянтэжана адказаў былы пірат, звіваючыся перад Сільверам, як вугор. — Як вы жывеце містэр Сільвер? — спытаў ён пасля доўгага маўчання. — Здаецца, нядрэнна?

— Бен, Бен, — прамармытаў Сільвер, — падумаць толькі, якую штуку ты зрабіў мне!

Доктар паслаў Грэя па кірку, якую кінулі ўцякаючыя разбойнікі. Пакуль мы не спяшаючыся спушчаліся па спаду да нашых шлюпак, доктар коратка расказаў, што здарылася за апошнія дні. Сільвер прагавіта слухаў кожнае слова. Напоўзвар'яцелы пустыннік Бен Ган быў галоўным героем расказа.

Паводле слоў доктара, у часе сваіх доўгіх адзінотных вандраванняў на востраве, Бен адшукаў і шкілет і скарб. Гэта ён ачысціў кішэні шкілета і выкапаў з зямлі грошы, гэта яго ручку ад рыдлёўкі бачылі мы на дне ямы. На сваіх плячах перанёс ён усё золата з-пад высокай сасны ў пячору двухгаловай гары ў паўночна-ўсходняй частцы вострава. Гэта цяжкая работа, вымагаўшая шматдзённай хадзьбы, была скончана ўсяго толькі за два месяцы да таго, як прыбыла „Іспан'ёла“.

Пра усё гэта доктар даведаўся ў яго пры першым-жа спатканні з ім, у дзень атакі на нашу крэпасць. Наступнай раніцай, убачыўшы, што карабль знік, доктар пайшоў да Сільвера, аддаў яму карту, якая цяпер не мела ўжо ніякага значэння, і перадаў яму крэпасць з усімі прыпасамі, таму што пячора Бена Гана была дастаткова забяспечана салёнай казляцінай, якую Бен Ган нарыхтаваў