Старонка:Востраў скарбаў.pdf/202

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Так стаялі мы, двое супроць пецярых, і нас падзяляла яма. Ні адзін з бакоў не адважваўся зрабіць першы ўдар. Сільвер стаяў нерухома. Стрыманы і спакойны, ён назіраў за ворагамі, апіраючыся на свой кастыль. Ён сапраўды быў смелы чалавек.

Нарэшце, Меры рашыў сваёй прамовай выклікаць натхненне ў прыхільнікаў.

— Таварышы, — сказаў ён, — глядзіце-ж, іх усяго толькі двое: адзін стары калека, які прывёў нас сюды на пагібель, другі — шчанё, у якога я даўно ўжо хачу выразаць сэрца. І цяпер…

Ён падняў руку і ўзняў голас, рыхтуючыся весці свой атрад у наступленне. І раптам — паф! паф! паф! — у гушчары грымнулі мушкетныя стрэлы. Меры зваліўся галавою ўніз, проста ў яму. Чалавек з павязкай на ілбу завярцеўся ваўчком і паваліўся побач з ім, туды-ж. Там доўга ён уздрыгваў, але быў ужо мёртвы. Трое астатніх кінуліся ўцякаць.

У тую-ж хвіліну Доўгі Джон стрэліў з абодвух ствалоў свайго пісталета проста ў Меры, які спрабаваў выбрацца з ямы. Паміраючы, Меры глянуў свайму забойцу ў твар.

— Джордж, — сказаў Сільвер, — цяпер мы, я мяркую, расквіталіся.

У зарасніках мускатнага арэха мы ўбачылі доктара, Грэя і Бена Гана. Мушкеты ў іх дыміліся.

— Наперад крыкнуў доктар. — Спяшайцеся, хлопцы. Мы павінны адрэзаць іх ад шлюпак.

І мы паімчаліся наперад. Сільвер выпусціў з рук вяроўку і я мог свабодна бегчы.

Сільвер выбіваўся з сіл, каб не астацца ад нас. Ён так працаваў сваім кастылём, што, здавалася, мускулы ў яго на грудзях вось-вось парвуцца на часткі. Паводле слоў доктара, і здаровы не вытрымаў-бы такой работы. Калі мы дабеглі да спада, ён адстаў ад нас на цэлых трыццаць ярдаў і зусім выбіўся з сіл.

— Доктар, — крычаў ён, — паглядзіце, спяшацца няма чаго!