Старонка:Востраў скарбаў.pdf/201

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

душой імкнуўся ён да гэтых грошай. І вось у адну хвіліну ўсё разбурылася. Аднак, ён не страціў галавы, авалодаў сабой і паспеў змяніць план сваіх будучых дзеянняў, раней чым іншыя зразумелі, якая бяда іх спаткала.

— Джым, — прашаптаў ён, — вось вазьмі ды будзь напагатове.

І даў мне ў руку двуствольны пісталет.

У той-жа час ён пачаў найспакайнейшым чынам рухацца на поўнач, так што яма апынулася паміж намі абодвума і разбойнікамі. Потым Сільвер паглядзеў на мяне і кіўнуў, нібы гаворачы: „Становішча нялёгкае“, і я быў цалкам згодзен з ім. Цяпер позірк яго зноў зрабіўся ласкавым. Мяне абурыла такая двудушнасць. Я не ўтрымаўся і прашаптаў:

— Дык вы зноў здрадзілі сваім.

Але ён нічога не паспеў мне адказаць. Разбойнікі з крыкам і лаянкай скакалі ў яму і разграбалі яе рукамі, раскідваючы дошкі ў розныя бакі. Марган знайшоў залатую манету. Ён падняў яе, жахліва лаячы ўсіх. Манета была ў дзве гінеі. Некалькі хвілін пераходзіла яна з рук у рукі.

— Дзве гінеі! — закрычаў Меры, падаючы манету Сільверу. — Дык гэта твае семсот тысяч? Ты, здаецца, аматар заключаць умовы? Дык вось што выходзіць з тваіх умоў, драўляная ты галава.

— Капайце, капайце, хлопцы, — сказаў Сільвер з халоднай насмешкай. — А можа выкапаеце два-тры земляныя арэхі, якія з'яўляюцца ўлюблёнай ежай для свіней.

— Два-тры арэхі! — у шаленстве запішчэў Меры. — Таварышы, вы чулі, што ён сказаў? Кажу вам: ён ведаў усё загадзя. Зірніце яму ў твар, там гэта ясна напісана.

— Эх, Меры! — заўважыў Сільвер. — Ты, здаецца, зноў маеш намер пралезці ў капітаны? Ты, бачу я, напорысты хлопец!

На гэты раз усе канчаткова былі на баку Меры. Разбойнікі пачалі вылазіць з ямы, шалёна пазіраючы на нас. Аднак, на наша шчасце, усе яны апынуліся на процілеглым канцы.