Старонка:Востраў скарбаў.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мяне за вяроўку; пазіраючы на мяне са смяротнай нянавісцю. Ён больш ужо не стараўся хаваць свае думкі. Я мог чытаць іх, як у кнізе. Апынуўшыся, нарэшце, за два крокі ад жаданага золата, ён на ўсё забыўся — і на свае абяцанні, і на доктаравы преасцярогі. Ён, вядома, спадзяваўся захапіць скарбы, пасля ўначы знайсці „Іспан'ёлу“, перарэзаць усіх нас і адплыць у акіян.

Узварушаны гэтымі трывожнымі думкамі, я ледзь упраўляўся ісці за піратамі і часта спатыкаўся аб камяні. Тады Сільвер тузаў за вяроўку, крыважэрна пазіраючы на мяне… Дзік плёўся ззаду, мармочучы малітвы і лаянку. Ліхарадка яго ўзмацнялася. Перад маімі вачыма мімаволі паўстала трагедыя, якая калісьці адбывалася ў гэтых месцах. Мне ўяўляўся разбойнік з пасінелым тварам, які памёр у Саванне, гарланячы песню і патрабуючы рому. Тут уласнаручна ён забіў шасцярых. У гэтым ціхім гаю калісьці былі чутны прадсмяротныя крыкі. Мне здавалася, што я і зараз чую стогны і ляманты няшчасных.

Мы вышлі з зараснікаў.

— За мною, сябры! — крыкнуў Меры.

І тыя, што ішлі наперадзе, кінуліся бегчы.

Раптам, не прабегшы і дзесяці ярдаў, яны спыніліся і ўскрыкнулі. Сільвер скакаў на сваёй дзеравяжцы, як шалёны. Праз хвіліну мы абодва таксама спыніліся раптам.

Перад намі была вялікая яма, выкапаная, відаць, даўно, таму што краі яе ўжо абваліліся, а на дне расла трава. У ёй мы ўбачылі ручку рыдлёўкі і некалькі дошчак ад скрынкі. На адной з дошчак напаленым жалезам быў зроблены надпіс: „Морж“ — назва карабля, які належаў Флінту.

Было ясна, што нехта раней нас ужо знайшоў і выкраў скарб — семсот тысяч фунтаў стэрлінгаў зніклі!

Раздзел ХХХІІІ

ПАДЗЕННЕ ПРАВАДЫРА

Здаецца, ад той пары, як стаіць свет, не было такога раптоўнага зруйнавання вялікіх надзей. Усе шасцёра стаялі, як прыбітыя громам. Сільвер першы апрытомнеў. Усёй