Старонка:Востраў скарбаў.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ціха пранёсся невыразным рэхам па расселіннах Падзорнай Трубы.

— Дарбі Мак-Гроў! — лямантаваў ён, і ў ляманце яго чуўся плач. — Дарбі Мак-Гроў!

Так ён паўтараў бясконца. Затым голас зрабіўся больш гучным і, выкрыкнуўшы непрыстойную лаянку, завыў:

— Дарбі, падай мне рому!

Разбойнікі прыраслі да зямлі, і вочы іх ледзь не вылезлі на лоб. Голас даўно ўжо сціх, а яны ўсё яшчэ стаялі, як адубелыя, і моўчкі глядзелі наперад.

— Справа ясная, — казаў адзін. — Трэба ўцякаць.

— Гэта былі яго апошнія словы, — прастагнаў Марган. — Апошнія словы перад смерцю.

Дзік дастаў сваю біблію і пачаў старанна маліцца. Перад тым, як выйсці ў мора і зрабіцца бандытам, ён выхоўваўся ў набожнай сям'і.

Адзін Сільвер не здаўся. Я чуў як яго зубы стукалі ад страху, але ён і слухаць не хацеў аб адступленні.

— На гэтым востраве ніхто, апрача нас, нават і не чуў аб Дарбі, — мармытаў ён збянтэжана, — ніхто, апрача нас.

Пасля авалодаў сабой і крыкнуў:

— Паслухайце! Я прышоў сюды, каб выкапаць скарб, і ніхто, ні чалавек, ні чорт, не спыніць мяне. Я не баяўся Флінта, калі ён быў жывы, і, чорт яго вазьмі, не спалохаюся мёртвага. За чэцверць мілі ад нас ляжаць семсот тысяч фунтаў стэрлінгаў. Няўжо хоць адзін джэнтльмен удачы здолен павярнуцца кармою перад такой кучай грошай з-за нейкага сінемордага п'яніцы, ды прытым-жа яшчэ і дохлага.

Але яго словы не вярнулі разбойнікам мужнасці. Наадварот, непачцівыя адносіны да здані толькі ўзмоцнілі іх панічны жах.

— Маўчы, Джон, — сказаў Меры. — Не абражай здань.

Астатніх нагэтулькі скаваў страх, што яны не маглі вымавіць ані слова. У іх нават нехапала смеласці разбегчыся ў розныя бакі. Страх прымусіў іх ціснуцца адзін да аднаго, бліжэй да Сільвера, таму што ён быў храбрэйшым