Старонка:Востраў скарбаў.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Праверылі. Мярцвяк сапраўды указваў у бок Вострава шкілета. Компас паказаў напрамак на Усх.-Поўдз.—Усх. і на Усх.

— Так я і думаў! — усклікнуў повар. — Гэта ўказальная стрэлка. Значыць, там Палярная зорка, а вунь там вясёлыя далары. Клянуся громам, у мяне ўсё халадзее пры адной думцы аб Флінце. Гэта адзін з яго мілых жартаў. Ён астаўся тут з шасцярма таварышамі і даканаў іх усіх. А потым з аднаго забітага змайстраваў сабе компас… Косці доўгія, на чэрапе валасе рыжыя. Э, дык гэта Алардайс, пакарай мяне бог! Ты памятаеш Алардайса, Том Марган?

— А як-жа, — сказаў Марган, — канечна. Ён пазычаў у мяне грошы і, акрамя таго, прыхапіў з сабой мой нож, калі ад'язджаў на востраў.

— Значыць нож павінен быць дзе-небудзь тут, — прамовіў другі разбойнік. — Флінт быў не такі чалавек, каб шарыць у кішэнях матроса. Ды і птушкі… Не маглі-ж яны панесці гэты нож?

— Ты праў, чорт цябе вазьмі! — усклікнуў Сільвер.

— Аднак, тут няма нічога, — сказаў Меры, уважліва абмацваючы глебу. — Хоць медная манета асталася-б, або, напрыклад, табакерка. Усё гэта выклікае ў мяне падазрэнне.

— Правільна! правільна! — згадзіўся Сільвер. — Тут нешта не так. Так дарагія сябры, калі-б Флінт быў жывы, не гуляць-бы нам у гэтых месцах. Нас шасцёра, і тых было шасцёра, а цяпер ад іх асталіся толькі косці.

— Не, будзь упэўнен, ён памёр: я ўласнымі вачыма бачыў яго мёртвым, — азваўся Марган. — Біллі вадзіў мяне да яго мёртвага цела. Ён ляжаў з медзякамі на вачах.

— Канечна, ён памёр, — пацвердзіў пірат з павязкай на галаве. — Але толькі калі каму і блукаць па зямлі пасля смерці, дык гэта зразумела, Флінту. Дык-жа наколькі цяжка чалавек паміраў!

— Так, паміраў ён зусім дрэнна, — заўважыў адругі. — То шалеў, то патрабаваў рому, то пачынаў гарланіць „Пятнаццаць чалавек на скрынцы мерцвяка“. Акрамя „Пятнаццаці чалавек“, ён нічога іншага не спяваў ніколі. І скажу