Старонка:Востраў скарбаў.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

абараняць сваё жыццё, яму — калеку, і мне — блазнюку, ад пяцярых такіх дужых матросаў.

Дадайце да гэтага падвойнага непакою і тую таямніцу, якой усё яшчэ былі ахутаны паводзіны маіх сяброў. Чаму яны пакінулі крэпасць? Чаму яны аддалі карту? Што азначаюць гэтыя словы, сказаныя доктарам Сільверу: „Сцеражэцеся крыкаў, калі будзеце шукаць скарбы“. Не было нічога дзіўнага ў тым, што снеданне здалося мне не надта смачным і што я з цяжкім сэрцам пабрыў за разбойнікамі на пошукі скарба.

Мы з'яўляліся даволі дзіўным відовішчам — усе ў замызганых матроскіх куртках, усе, акрамя мяне, узброеныя да самых зубоў. Сільвер цягнуў дзве стрэльбы: адна на спіне, другая на грудзях. Да яго пояса быў прышпілены корцік. У кожны кішэнь свайго шырокаполага кафтана ён усунуў па пісталету. У давяршэнне ўсяго на плячы ў яго сядзеў Капітан Флінт, які не змаўкаючы і без усякай сувязі выкрыкваў розныя марскія слоўцы. Мяне абвязалі вяроўкай вакол паясніцы, і я паслухмяна пабрыў за поварам. Ён трымаў канец вяроўкі то свабоднай рукой, то зубамі. Мяне вялі, як дрэсірованага мядзведзя.

Кожны цягнуў што-небудзь: адны неслі рыдлёўкі і ламы (разбойнікі выгрузілі іх на бераг з „Іспан'ёлы“ раней усяго астатняга), другія — свініну, сухары і брэндзі для абеда. Я заўважыў, што ўсе прыпасы былі сапраўды ўзяты з нашага склада, і зразумеў, што Сільвер учора ўвечары сказаў чыстую праўду. Калі-б ён не заключыў нейкай умовы з доктарам, разбойнікам, страціўшым карабль, давялося-б карміцца падстрэленымі птушкамі і запіваць іх вадой. Але да вады ў іх не было асаблівай ахвоты, а паляваць маракі не ўмеюць. І калі яны не мелі запасу нават харчоў, дык тым больш не было ў іх у запасе і пораху. Так або інакш мы крануліся ў дарогу, нават пірат з разбітай галавой, якому больш карысна было-б астацца ў пасцелі. Адзін за адным дакульгалі мы да берага, дзе нас чакалі дзве шлюпкі. Нават гэтыя шлюпкі сведчылі аб дурной бесклапотнасці заўсёды п'яных піратаў: абедзве былі ў гразі, а ў адной паламана лаўка. Вырашана было ехаць у двух шлюпках, каб