Старонка:Востраў скарбаў.pdf/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ва варце, і гэтак далей. Наогул яны былі здольны толькі на кароткую ўспышку, але на працяжныя ваенныя дзеянні іх нехапала.

Нават Сільвер, сядзеўшы ў баку са сваім папугаем, не зрабіў ім ні адной заўвагі за іх марнатраўнасць. І гэта мяне вельмі здзівіла, таму што я ведаў, які ён асцярожны і прадбачны чалавек.

— Так, прыяцелі, — сказаў ён, — ваша шчасце што ў вас ёсць Кумпяк, які заўсёды за вас думае. Я выведаў тое, што мне трэба. Карабль у іх. Пакуль я яшчэ не ведаю, дзе яны яго схавалі. Але, калі ў нас будуць скарбы, мы абшукаем увесь востраў ды зноў захопім карабль. Ва ўсякім выпадку мы моцны ўжо тым, што ў нас ёсць шлюпкі.

Так разважаў ён, набіваючы сабе рот гарачай свінінай. Ён абнадзейваў іх, ён аднаўляў свой пахіснуўшыся аўтарытэт, і ў той-жа час — як мне здалося — падбадзёрваў самога сябе.

— А наш заложнік, — працягваў ён, — у апошні раз бачыўся з тымі, хто мілы яго сэрцу. З яго размоў з імі я даведаўся пра ўсё, што мне трэба было ведаць, і вельмі яму ўдзячны за гэта. Але цяпер — скончана. Калі мы пойдзем шукаць скарб, я павяду яго за сабой на вяровачцы. Ён нам даражэй за золата, і мы захаваем яго ў цэласці: спатрэбіцца на выпадак чаго. А калі ў нас будзе і карабль і скарб, калі мы вясёлаю кампаніяй адправімся ў мора, вось тады мы і пагутарым з містэрам Гоўкінсам як след, і ён атрымае сваю долю паводле заслуг.

Не дзіва, што іх ахапіла такая вясёласць. Што датычыцца мяне, я вельмі засумаваў і заняпаў духам. Калі план Сільвера, толькі што паведамлёны ім, будзе выкананы, гэты падвойны здраднік не будзе хістацца ні хвіліны. Ён вядзе гульню на два фронты і, несумненна, палічыць за лепшае волю і багацці пірата, чым слабую надзею вызваліцца ад пятлі, надзею, якую мы маглі прапанаваць яму.

Але калі абставіны прымусяць Сільвера стрымаць дадзенае доктару слова, мне ўсёадно пагражае смяротная небяспека. Падазрэнні яго таварышоў кожную хвіліну могуць ператварыцца ва ўпэўненасць. Тады і яму і мне давядзецца