Старонка:Востраў скарбаў.pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— І родная маці не магла-б сцешыць мяне лепш, чым вы! — усклікнуў ён.

— Гэта першае, што я магу вам сказаць, — дадаў доктар. — І другое: трымайце гэтага хлопчыка каля сябе і, калі спатрэбіцца дапамога, клічце мяне. Я пастараюся вас выручыць, і тады вы ўбачыце, што я кажу не дарэмна… Бывайце, Джым.

Доктар Лівсі паціснуў мне руку праз плот, кіўнуў галавой Сільверу і хуткімі крокамі накіраваўся да лесу.

Раздзел ХХХІ

ПОШУКІ СКАРБА. УКАЗАЛЬНАЯ СТРЭЛКА ФЛІНТА

— Джым, — сказаў Сільвер, калі мы асталіся адны, — я выратаваў тваё жыццё, а ты — маё. І я ніколі гэтага не забуду. Дык-жа бачыў я, як доктар угаварваў цябе ўцячы. Краем вока, але бачыў. Я не чуў твайго адказу, але бачыў я, што ты адмовіўся. Гэтага, Джым, я табе не забуду. Сёння мне ўпершыню бліснула надзея пасля няўдалай атакі на крэпасць. Ды зноў-такі праз цябе. Пошукі скарба, Джым, мы пачнем усляпую, і гэта мне вельмі не падабаецца. Але мы з табой будзем моцна трымацца адзін аднаго і выратуем нашы шыі, не гледзячы ні на што.

Адзін з піратаў, якія ўвіхаліся каля вогнішча, крыкнуў нам, што снеданне гатова. Мы паселі на пяску каля агню і пачалі закусваць падсмажанай саланінай. Разбойнікі распалілі такое вогнішча, што можна было-б засмаліць быка. Хутка вогнішча запалала так моцна, што да яго — і то з пэўнай небяспекай — прыбліжаліся толькі з падветранага боку. Таксама злачынна абыходзіліся піраты з правізіяй: насмажылі саланіны прынамсі ў тры разы больш, чым было патрэбна. Адзін з іх з дурным смехам шпурнуў усе астаўшыяся кавалкі ў агонь, які запалаў яшчэ ярчэй, паглынуўшы гэта незвычайнае паліва.

Ніколі ў сваім жыцці не бачыў я людзей, якія нагэтулькі бестурботна адносіліся да заўтрашняга дня. Усё рабілі яны абыяк — знішчалі без усякага сэнсу правізію, засыналі, стоячы