Старонка:Востраў скарбаў.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як толькі доктар вышаў, абурэнне піратаў, стрыманае страхам перад Сільверам, прарвалася з усёй сілай. Яны абвінавачвалі Сільвера ў тым, што ён вядзе падвойную гульню. Што ён хоча выгарадзіць сябе і здрадзіць усім астатнім. Адным словам, яны сапраўды адгадалі яго намеры.Я не думаў, што яму і на гэты раз удасца выкруціцца. Але ён быў удвая разумнейшым за ўсіх іх разам узятых, і яго ўчарашняя перамога дала яму вялізную ўладу над імі. Ён абазваў іх дурнямі, заявіў, што без маёй размовы з доктарам нельга абыйсціся, тыкаў ім у нос карту і пытаў: няўжо яны хочуць парушыць умову ў той дзень, калі можна пачаць пошукі скарбаў.

— Не, клянуся громам! — крычаў ён. — Прыдзе час, і мы ашукаем іх, але да той пары я буду ўлагоджваць гэтага доктара, хоць-бы мне давялося чысціць яму ромам боты.

Ён загадаў раскласці вогнішча, узяў кастыль, паклаў руку мне на плячо і закульгаў уніз, пакінуўшы піратаў у поўнай збянтэжанасці. Адчувалася, што яго довады не зрабілі на іх асаблівага ўплыву.

— Не спяшайся, дружа, не спяшайся, — сказаў ён мне. — Яны разам рынуцца на нас, калі заўважаць, што мы абодва спяшаемся.

Мы павольна спусціліся па пясчанаму адкосу да таго месца, дзе за частаколам чакаў нас доктар. Сільвер спыніўся.

— Хай Джым раскажа вам, доктар, як я выратаваў яму жыццё, хоць за гэта ледзь не страціў капітанскі чын, — сказаў ён. — Ах, доктар, калі чалавек накіроўвае сваю лодку насустрач пагібелі, калі ён іграе ў арлянку са смерцю, ён хоча пачуць хоць адно самае малое добрае слова. Майце на ўвазе, што справа ідзе не толькі аб маім жыцці, але і аб жыцці гэтага хлопчыка. Заклінаю вас, доктар, майце літасць да мяне, дайце мне хоць цень надзеі.

Цяпер, адышоўшы ад таварышоў і стоячы спіной да блокгауза, Сільвер адразу зрабіўся другім чалавекам. Шчокі яго запалі, голас дрыжэў. Гэта быў амаль мярцвяк.

— Няўжо вы баіцеся, Джон? — спытаў доктар Лівсі.

— Доктар, я не трус. Не, я нават вось нагэтулькі не трус, — і ён паказаў кончык пальца, — але кажу адкрыта: