Старонка:Востраў скарбаў.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

повар. — Ты страціў наш карабль. Я знайшоў вам скарб. Хто-ж з нас варты большага? Але клянуся, я больш не жадаю быць у вас капітанам. Выбірайце каго жадаеце. Хопіць з мяне!

— Сільвера! — закрычалі ўсе. — Кумпяк навекі вякоў! Кумпяк у капітаны!

— Дык вось што вы цяпер заспявалі! — крыкнуў повар. — Джордж, мілы друг, давядзецца табе пачакаць да іншага выпадку. Шчасце тваё, што я не памятаю кепскага. Сэрца ў мяне адыходлівае. Што-ж рабіць з гэтым чорным знакам, прыяцелі? Цяпер ён як быццам ні завошта. Дзік згубіў сваю душу, запаганіў усю біблію, і ўсё дарэмна.

— А магчыма, яна яшчэ спатрэбіцца для прысягі? — спытаў Дзік, якога, відаць, моцна непакоіла зробленае ім кашчунства.

— Біблія з адрэзанай старонкай! — жахнуўся Сільвер. — Ні завошта! У ёй не больш святасці, чым у спеўніку.

— І ўсё-ж на ўсякі выпадак лепш яе захаваць, — сказаў Дзік.

— А вось гэта, Джым, вазьмі сабе на памяць, — сказаў Сільвер, падаючы мне чорны знак.

Ён быў велічынёй як крона[1]. Адзін бок белы — Дзік разрэзаў самую апошнюю старонку бібліі. На другім баку былі надрукаваны два радкі з „Апокаліпсіса“. Пазней мне ўдалося разабраць толькі два словы: „псы і забойцы“. Той бок, дзе быў тэкст, быў запэцканы сажай, якая пачала ўжо зыходзіць і запэцкала мне пальцы. А на чыстым баку было выведзена вугалем адно слова: „скінуты“. Зараз гэты чорны знак ляжыць перада мной, але ад надпісу вугалем асталіся толькі сляды драпін, як ад пазногця.

Так скончыліся падзеі гэтай ночы. Выпіўшы рому, мы ляглі спаць. Сільвер дзеля помсты назначыў Джорджа Меры вартавым, прыгразіўшы яму смерцю, калі ён не дагледзіць чаго-небудзь.

  1. Крона — англійская срэбная манета, якая каштуе два рублі.