Старонка:Востраў скарбаў.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А ты, Джордж Меры, якога кожныя шэсць гадзін трасе ліхарадка. У якога вочы жоўтыя, як лімон, ты не хочаш лячыцца ў доктара? Магчыма, вы не ведаеце, што сюды хутка павінен прыйсці другі карабль на дапамогу? Аднак ён хутка прыдзе. Вось калі вам спатрэбіцца заложнік. Затым — пункт другі — вы абвінавачваеце мяне ў тым, што я заключыў умову. Дык-жа вы самі на каленах упрашвалі мяне заключыць яе. Вы поўзалі на каленах, вы маладушнічалі, вы баяліся памерці з голаду. Але ўсё гэта глупства. Паглядзіце, вось дзеля чаго я заключыў умову.

І ён кінуў на падлогу аркуш паперы. Я адразу пазнаў яго. Гэта была тая самая карта на жоўтай паперы, з трымя чырвонымі крыжыкамі, якую я знайшоў калісьці на дне скрынкі Білі Бонса.

Я ніяк не мог зразумець, чаму доктар аддаў яе Сільверу.

Разбойнікаў від гэтай карты здзівіў яшчэ больш, чым мяне. Яны накінуліся на яе, як каты на мыш. Яны вырывалі яе адзін у аднаго з рук з лаянкай, з крыкамі, з дзіцячым смехам. Можна было падумаць, што яны не толькі ўжо кранаюцца золата пальцамі, але вязуць яго ў поўнай захоўнасці, на караблі.

— Так, — сказаў адзін, — гэта подпіс Флінта, можаце не сумнявацца, Д. Ф., а ўнізе росчырк. Ён заўсёды падпісваўся так.

— Усё гэта добра, — сказаў Джордж, — але як мы вывязем скарб, калі ў нас няма карабля?

Сільвер раптам ускочыў на ногі, трымаючыся рукой за сценку.

— Папярэджваю цябе ў апошні раз, Джордж! — крыкнуў ён. — Яшчэ адно слова і я буду біцца з табой. Як? Адкуль я ведаю, як? Гэта ты павінен мне сказаць, ты ды іншыя, якія праваронілі шкуну! Але не, мне няма чаго чакаць ад цябе разумнага слова — розум у цябе, як у прусака. Але размаўляць ветліва ты павінен, а не, дык я навучу цябе ветлівасці.

— Правільна, — сказаў стары Марган.

— Ды як-жа! Зразумела правільна, — падхапіў карабельны