Старонка:Востраў скарбаў.pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Хто прыслаў мне чорны знак у першы-ж дзень, як мы толькі прыбылі на востраў і пачаў усе гэтыя чартоўскія скокі? Прыгожыя скокі — я скачу разам з вамі, — у іх такія-ж штучкі, якія вырабляюць тыя, што боўтаюцца ў Лонданскай пятлі? А хто ўсё пачаў? Эндэрсон, і Гэндс, і ты, Джордж Меры. З усіх падштурхоўшчыкаў ты адзін астаўся жывым. І ў цябе хапае нагласці лезці ў капітаны? У цябе, які загубіў ледзь не ўсю нашу шайку! Не, з гэтага не выйдзе ні чорта!

Сільвер змоўк. Па твару Джорджа і астатніх я ўбачыў, што словы яго не прапалі дарма.

— Гэта пункт першы! — усклікнуў ён, выціраючы спацеўшы лоб. — Клянуся, мне моташна размаўляць з вамі. У вас няма ні рассудка, ні памяці. Здзіўляюся, як гэта вашы маткі адпусцілі вас у мора. У мора! Гэта вы-та джэнтльмены ўдачы? Ужо лепш-бы вы зрабіліся краўцамі.

— Перастань лаяцца, — сказаў Марган. — Адказвай на астатнія абвінавачванні.

— А, на астатнія! — крыкнуў Джон. - Астатнія таксама добрыя. Вы кажаце, што наша справа прапашчая. Клянуся громам, вы нават не ўяўляеце сабе, якая яна кепская! Мы так блізка да шыбеніцы, што шыя мая ўжо касцянее ад пятлі. Так і бачу, як боўтаемся мы ў жалезных кайданах, а над намі кружацца вароны. Маракі паказваюць нам пальцамі ў часе прыліва. „Хто гэта?“ пытае адзін. „Гэта Джон Сільвер. Я добра яго ведаў“, адказвае другі. Вецер калыша павешаных і разносіць звяканне ланцугоў. Вось што пагражае кожнаму з нас з-за Джорджа Меры, Гэндса, Эндэрсона ды іншых ідыётаў. За тым, чорт вазьмі, вас цікавіць пункт чацверты — вось гэты блазнюк. Дык-жа ён заложнік, разумееце? Няўжо мы павінны знішчыць заложніка? Ён, магчыма, апошняя наша надзея. Забіць гэтага блазнюка? Не, мае мілыя, не буду яго забіваць. Нарэшце, я яшчэ не адказаў па трэцяму пункту. Вельмі добра, калі ласка, адкажу. Магчыма, вы лічыце нічога нявартымі штодзённыя наведванні доктара, доктара, скончыўшага каледж? Твайму прадзіраўленаму чэрапу, Джон, ужо непатрэбны доктар?