Старонка:Востраў скарбаў.pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дзякую Джордж, — адклікнуўся Сільвер. — Ты ў нас дзелавы чалавек і ведаеш напамяць нашы звычаі. Што-ж тут напісана? Ага. „Скінуты“. Дык вось у чым справа! І які прыгожы почырк. Якраз як у кнізе. Гэта ў цябе такі почырк, Джордж? Ты першы чалавек ва ўсёй камандзе. Я ніколькі не здзіўлюся, калі цяпер выберуць капітанам цябе. Дай мне, калі ласка, галавешку, а то люлька ў мяне ніяк не раскурваецца.

— Ну, ну! — сказаў Джордж. — Няма чаго табе дурыць каманду. Паслухаць цябе — ты такі і гэтакі, але ўсё-ж злазь з гэтай бочкі. Ты ўжо ў нас не капітан. Злазь з бочкі і не перашкаджай нашым выбарам.

— А я думаў, ты і сапраўды ведаеш звычаі, — пагардліва запярэчыў Сільвер. — Табе прыдзецца яшчэ крыху пачакаць, таму што я пакуль усё яшчэ ваш капітан. Вы павінны высунуць супроць мяне свае абвінавачванні і паслухаць мой адказ. А да той пары ваш чорны знак будзе каштаваць не даражэй сухара. Пабачым, што з гэтага выйдзе.

— Не бойся, звычаяў мы не парушым адказаў Джордж. — Мы хочам дзейнічаць сумленна. Вось табе нашы абвінавачванні. Па-першае, ты праваліў усю справу. Ты не адважышся пярэчыць супроць гэтага. Па-другое, ты дазволіў нашым ворагам адыйсці, хоць тут яны былі ў сапраўднай пастцы. Чаму яны хацелі адыйсці? Не ведаю. Але ясна, што яны чамусьці хацелі адыйсці. Па-трэцяе, ты забараніў нам праследаваць іх. О, мы цябе бачым наскрозь, Джон Сільвер. Ты вядзеш падвойную гульню. Па-чацвертае, ты заступіўся за гэтага блазнюка.

— Гэта ўсё? — спакойна спытаў Сільвер.

— Зусім дастаткова, — адказаў Джордж. — Нас праз цябе, разяву, павесяць сушыцца на сонейку.

— Цяпер паслухайце, што я адкажу на вашы абвінавачванні. Я буду адказваць па пунктах. Вы кажаце, штоя праваліў усю справу? Але-ж вы ведаеце, чаго я хацеў. Калі-б вы паслухалі мяне, мы ўсе цяпер знаходзіліся-б на „Іспан'ёле“ цэлыя і здаровыя, і золата ляжала-б у труме, клянуся громам! А хто мне перашкодзіў? Хто прымушаў мяне спяшацца і падштурхоўваў, — мяне, вашага законнага капітана?