Старонка:Востраў скарбаў.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Яны ідуць сюды, — сказаў я.

Я стаў на ранейшае месца. Не жадаючы траціць сваёй годнасці, я не хацеў, каб піраты заўважылі, што я назіраю за імі.

— Калі ласка, дружа, хай ідуць! — весела сказаў Сільвер. — У мяне ёсць яшчэ чым іх сустрэць.

Дзверы расчыніліся, і пяцёра піратаў нерашуча стаўпіліся каля парога, праштурхваючы наперад аднаго.

Пры іншых абставінах было-б забаўна глядзець, як павольна і баязліва падыходзіць выбарны, спыняючыся на кожным кроку і выцягнуўшы правую руку, сціснутую моцна ў кулак.

— Падыйдзі бліжэй, прыяцель, — сказаў Сільвер, — і не бойся: я цябе не з'ем. Давай, цюхцяй, што гэта там у цябе? Я ведаю звычаі. Я дэпутата не крану.

Падбадзёраны гэтымі словамі, разбойнік паскорыў крокі і, усунуўшы нешта Сільверу ў руку, паспешна адбег назад да таварышоў.

Повар глянуў сабе на далонь.

— Чорны знак! Так я і думаў, — прамовіў ён. — Дзе вы дасталі паперу? Але што гэта? Ах, вы, няшчасныя! Выразалі гэта з бібліі! Ну, будзе ўжо вам за гэта. І які дурань разрэзаў біблію?

— Вось бачыце! — сказаў Марган. — Што я казаў? Нічога добрага не выйдзе з гэтага.

— Ну, цяпер ужо вам не выкруціцца ад шыбеніцы, — працягваў Сільвер. — У каго вы ўзялі гэту біблію?

— У Дзіка, — сказаў нехта.

— У Дзіка? Ну, Дзік, маліся богу, — прамовіў Сільвер, — таму што твая справа скончана. Ужо я правільна табе кажу. Прапала твая справа, пакарай мяне бог.

Але тут умяшаўся жоўтавокі вярзіла.

— Досыць балбатаць, Джон Сільвер, — сказаў ён. — Каманда, сабраўшыся на сход, як вымагае звычай джэнтльменаў удачы, прыняла пастанову паслаць табе чорны знак. Перавярні яго, як вымагае наш звычай, і прачытай, што на ім напісана. Тады ты загаворыш па-іншаму.