Старонка:Востраў скарбаў.pdf/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я ваш капітан, таму што я на цэлую марскую мілю разумнейшы за вас усіх. Вы не хочаце біцца са мной, як гэта павінны рабіць джэнтльмены ўдачы. Тады клянуся громам, вы павінны слухаць мяне! Мне падабаецца гэты блазнюк. Лепшага за яго я ніколі не бачыў. Ён удвая больш падобны да мужчыны, чым такія пацукі, як вы. Дык слухайце: хто кране яго, будзе мець справу са мной.

Наступіла доўгае маўчанне.

Я, выпрастаўшыся, стаяў каля сценкі. Сэрца маё ўсё яшчэ стукала, як малаток, але ў грудзях зарадзілася надзея. Сільвер сядзеў, скрыжаваўшы рукі і прыхіліўшыся да сцяны. Ён смактаў люльку і быў спакойны, як у царкве. Толькі яго вочы бегалі. Ён назіраў употайкі за сваёй буянай камандай. Піраты адышлі ў далёкі кут і пачалі шаптацца. Часамі яны абарачваліся, і барвянае святло галавешкі падала на іх усхваляваныя твары. Аднак, пазіралі яны не на мяне, а на Сільвера.

— Вы, здаецца, рыхтуецеся нешта сказаць? — прамовіў Сільвер і плюнуў далёка перад сабой. — Ну што-ж, кажыце, я слухаю.

— Прашу прабачэння, сэр, — пачаў адзін з піратаў, — вы часта парушаеце нашы звычаі. Але ёсць звычай, які нават вам не ўдасца парушыць. Каманда нездаволена, а між тым, дазвольце сказаць, у гэтай каманды ёсць такія-ж правы, як і ва ўсякай іншай. Мы маем права сабрацца і пагаварыць аб начальстве. Прашу прабачэння, сэр, таму што вы ўсё-ж у нас капітанам. Але я хачу скарыстаць сваё права і адыйсці на нараду.

Далікатна аддаўшы Сільверу чэсць, гэты высокі, хваравіты, жоўтавокі матрос год трыццаці пяці спакойна пайшоў да выхаду, і знік за дзвярыма. Астатнія вышлі следам за ім. Кожны аддаваў Сільверу чэсць і мармытаў што-небудзь, апраўдваючы сябе.

— Адпаведна са звычаем, — сказаў адзін.

— На матроскі сход, — сказаў Марган.

Мы з Сільверам асталіся ўдвух каля гарэўшай галавешкі.

Повар адразу-ж выняў з рота сваю люльку.

— Слухай, Джым Гоўкінс, — прамовіў ён ледзь чутным